Беларусь: Выступ Высокага прадстаўніка, віцэ-прэзідэнта Жазэпа Барэля на пленарным пасяджэнні Еўрапейскага парламента што да сітуацыі з палітычнымі зняволенымі
Тэкст выступу можа адрознівацца ад версіі, выкладзенай ніжэй. Гл. відэа (з 46:43)
Спадарыня Прэзідэнт, шаноўныя сябры Еўрапейскага парламента,
Становішча палітычных зняволеных у Беларусі застаецца адной з найважнейшых прычын для занепакоенасці з боку Еўрапейскага саюза.
З часу сфальсіфікаваных выбараў у 2020 годзе рэжым адвольна затрымлівае тысячы людзей за тое, што яны шукаюць рэалізацыі сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў.
Праз больш як чатыры гады рэпрэсіі працягваюцца. Мішэнямі рэжыму робяцца не толькі палітычныя апаненты, але і любы чалавек, які ўспрымаецца як патэнцыйная пагроза.
На працягу апошніх месяцаў і тыдняў некаторыя палітычныя вязні былі вызваленыя. Мы падзяляем іх радасць і палёгку ад таго, што яны на волі і ўз'ядналіся са сваімі роднымі і блізкімі.
Аднак у Беларусі па-ранейшаму ўтрымліваюцца больш за 1300 палітычных зняволеных. Многіх з іх трымаюць у ізаляцыі на працягу тыдняў, месяцаў і нават гадоў.
Згаданыя вамі, а таксама іншыя не маюць доступу да юрыдычнага прадстаўніцтва і медыцынскай дапамогі, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню або катаванням, іх часта ўтрымліваюць ва ўмовах, небяспечных для жыцця.
Многія з іх [у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Максім Знак і Віктар Бабарыка] больш як 18 месяцаў пазбаўленыя магчымасці камунікацыі са знешнім светам.
Еўрапейскі саюз заклікае ўлады Беларусі неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Еўрапейскі саюз салідарны з палітычнымі зняволенымі ды іх блізкімі. Мы таксама падтрымліваем сем'і палітычных зняволеных і працуем над тым, каб праходзілі рэабілітацыю тыя, хто выйшаў на волю.
Мы таксама будзем і надалей падтрымліваць працу па прыцягненні да адказнасці. Мы гатовы і надалей прымаць абмежавальныя меры супраць тых, хто вінаваты ў парушэннях правоў чалавека; суддзяў, пракурораў, начальнікаў калоній і супрацоўнікаў службаў бяспекі рэжыму.
Хацеў бы запэўніць вас, што Еўрапейскі саюз быў і застанецца ў авангардзе намаганняў па падтрымцы палітычных зняволеных і прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.
Мы з глыбокай павагай і захапленнем ставімся да народа Беларусі і яго выключнай мужнасці і годнасці. Мы выкарыстоўваем любую магчымасць, каб перадаць народу Беларусі нашу падтрымку яго імкнення да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Еўропы. Дзякуй.