This isn't an official website of the European Union

2022 Пасланне Прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляйен аб становішчы Саюза

28.09.2022

САЮЗ, ТРЫВАЛЫ Ў АДЗІНСТВЕ

 

УСТУП

Спадарыня Прэзідэнт,

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Мае дарагія еўрапейцы!

Гэты Парламент ніколі раней не абмяркоўваў стан нашага Саюза ў сітуацыі вайны, якая лютуе на еўрапейскай зямлі.

Усе мы памятаем тую лёсавызначальную раніцу ў канцы лютага.

Еўрапейцы, жыхары ўсяго нашага Саюза, прачнуліся і жахнуліся ўбачанаму. Шакаваныя перад абліччам уваскрослага, бязлітаснага зла. Няздольныя схавацца ад  гукаў сірэн і зверстваў вайны.

Але з гэтага моманту цэлы кантынент згуртаваўся ў салідарнасці.

На памежных пераходах, дзе знайшлі прытулак бежанцы. На нашых вуліцах, напоўненых украінскімі сцягамі. У класных пакоях, дзе ўкраінскія дзеці знайшлі новых сяброў.

З гэтага моманту еўрапейцы не хаваліся і не вагаліся.

Яны знайшлі ў сабе мужнасць зрабіць правільныя рэчы.

І з гэтага моманту наш Саюз як адзінае цэлае быў на вышыні.

Пятнаццаць гадоў таму, падчас фінансавага крызісу, нам спатрэбіліся гады, каб знайсці доўгатэрміновыя рашэнні.

Праз дзесяць гадоў, калі прыйшла глабальная пандэмія, нам спатрэбілася на гэта ўсяго некалькі тыдняў.

Але сёлета, як толькі расейскія войскі перасеклі мяжу з Украінай, наш адказ адразу быў адзіным, рашучым і неадкладным.

І гэтым варта ганарыцца.

Мы зноў паказалі ўнутраную сілу Еўропы.

І ўся гэтая сіла нам спатрэбіцца. Наступныя месяцы будуць няпростымі, як для сем'яў, якія спрабуюць звесці канцы з канцамі, так і для кампаній, якім даводзіцца прымаць нялёгкія рашэнні, якія датычацца іх будучыні.

Трэба дакладна разумець, што на карту зараз пастаўлена многае. Не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы і свету ў цэлым.

І нас чакаюць выпрабаванні. Выпрабаванні, падрыхтаваныя тымі, хто хацеў бы выкарыстоўваць любыя рознагалоссі паміж намі.

Гэта не проста вайна, развязаная Расіяй супраць Украіны.

Гэта вайна супраць нашай энергетыкі, вайна супраць нашай эканомікі, вайна супраць нашых каштоўнасцяў і вайна супраць нашай будучыні.

Аўтакратыя супраць дэмакратыі.

І я стаю тут, упэўненая ў тым, што калі мы праявім мужнасць і салідарнасць, Пуцін пацерпіць няўдачу, а Еўропа возьме верх.

МУЖНАСЦЬ СТАЯЦЬ ПОБАЧ З НАШЫМІ ГЕРОЯМІ

Паважаныя дэпутаты,

Сёння ў мужнасці ёсць імя, і імя гэта – Украіна.

У мужнасці ёсць твар, і гэта твар украінскіх мужчын і жанчын, якія супрацьстаяць расійскай агрэсіі.

Мне ўзгадваецца адзін момант у першыя тыдні ўварвання, калі Першая Лэдзі Украіны Алена Зяленская сабрала бацькоў украінскіх дзяцей, забітых захопнікамі.

Сотні сем'яў, для якіх вайна ніколі не скончыцца, а жыццё ніколі не будзе ранейшым.

Мы бачылі, як Першая Лэдзі ў маўчанні вяла групу маці і бацькаў, якіх немагчыма суцешыцт, каб развесіць на галінках дрэў званочкі – па адным за кожнае загінулае дзіця.

Цяпер гэтыя званочкі вечна будуць звінець на ветры, а нявінныя ахвяры гэтай вайны заўсёды будуць жыць у нашай памяці.

А сёння яна тут, з намі!

Дарагая Алена, каб супрацьстаяць жорсткасці Пуціна, патрэбна вялікая мужнасць.

Але вы яго ў сабе знайшлі.

З'явіўся народ-герой.

Сёння Украіна моцная, таму што ў барацьбу ўступіла ўся краіна – кожная вуліца, кожны дом.

Украіна моцная, таму што такія людзі, як Ваш муж Прэзідэнт Зяленскі, засталіся ў Кіеве, каб узначаліць супраціў – разам з Вамі і Вашымі дзецьмі, шаноўная Першая Лэдзі.

Вы надалі мужнасці ўсяму народу. І, як мы бачым у апошні час, адвага ўкраінцаў прыносіць свае вынікі.

Вы далі свайму народу голас на сусветнай арэне.

І далі надзею ўсім нам.

Слава краіне еўрапейскіх герояў. Слава Украіне!

Салідарнасць Еўропы з Украінай застанецца непахіснай.

З першага дня Еўропа падтрымлівае Украіну. Зброяй. Грашыма. Прыёмам бежанцаў. І найбольш жорсткімі санкцыямі з тых, якія бачыў сьвет.

Фінансавы сектар Расіі – на штучным жыццезабеспячэнні. Мы адрэзалі тры чвэрці банкаўскага сектара Расіі ад міжнародных рынкаў.

З краіны сышла амаль тысяча міжнародных кампаній.

Вытворчасць аўтамабіляў скарацілася на тры чвэрці ў параўнанні з мінулым годам. "Аэрафлот" здымае з рэйсаў самалёты з-за недахопу запчастак. Расейскія вайскоўцы вымаюць чыпы з посудамыйных машын і халадзільнікаў, каб рамантаваць тэхніку, таму што ў іх скончыліся паўправаднікі. Расійская прамысловасць у тупіку.

На шлях у нікуды эканоміку Расіі паставіў Крэмль.

Гэта цана за сляды смерці і разбурэнняў, якія пакідае за сабой Пуцін.

І я хачу ясна даць зразумець, што гэтыя санкцыі нікуды не падзенуцца.

Цяпер час праявіць рашучасць, а не супакаенне.

Тое ж адносіцца і да нашай фінансавай падтрымкі Украіны.

Наша Team Europe (Каманда Еўропа) ужо прадаставіла фінансавую дапамогу на суму больш за 19 мільярдаў еўра.

І гэта не лічачы ваеннай падтрымкі.

І мы гатовы рабіць гэта доўга.

Рэканструкцыя Украіны запатрабуе вялізных рэсурсаў. Узяць хаця б больш за 70 школ, разбураных расійскімі снарадамі.

У Еўрапейскім саюзе зараз пайшлі ў школу паўмільёна ўкраінскіх дзяцей. Але ў самой Украіне многім дзецям проста няма дзе вучыцца.

Таму сёння я аб'яўляю, што мы будзем працаваць разам з Першай Лэдзі, каб аднавіць пашкоджаныя ўкраінскія школы. І на гэта мы выдзелім 100 мільёнаў еўра. Таму што будучыня Украіны пачынаецца з яе школ.

Мы не толькі падтрымаем яе фінансава, але і дапаможам ёй максімальна выкарыстоўваць свой патэнцыял.

Украіна ўжо з'яўляецца тэхналагічным цэнтрам, які расце, і пляцоўкай для многіх маладых інавацыйных кампаній.

Таму я хачу, каб мы мабілізавалі ўсю моц нашага адзінага рынку для паскарэння гэтага росту і стварэння новых магчымасцяў.

У сакавіку мы паспяхова падключылі Украіну да нашых электрасетак. Першапачаткова планавалася зрабіць гэта да 2024 года, але мы паспелі за два тыдні. І сёння Украіна экспартуе нам электраэнергію. Я хачу істотна пашырыць гэты ўзаемавыгадны гандаль.

Мы ўжо прыпынілі дзеянне пошлін на ўкраінскі экспарт у ЕС.

Мы ўключым Украіну ў нашую еўрапейскую зону бясплатнага роўмінгу.

На ўсіх кірунках нашага супрацоўніцтва мы дасягаем вялікіх поспехаў.

Абапіраючыся на гэта, Камісія будзе працаваць над тым, каб Украіна атрымала бесперашкодны доступ да адзінага рынку, і наадварот.

Наш Адзіны рынак – адна з найвялікшых гісторый поспеху Еўропы. Прыйшоў час зрабіць яго гісторыяй поспеху і для нашых украінскіх сяброў.

Таму сёння я еду ў Кіеў, каб падрабязна абмеркаваць гэта з Прэзідэнтам Зяленскім.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Адзін з урокаў гэтай вайны заключаецца ў тым, што трэба было слухаць тых, хто ведае Пуціна.

Ганну Паліткоўскую і ўсіх расійскіх журналістаў, якія выкрывалі злачынствы і заплацілі за гэта самую высокую цану

Нашых сяброў ва Украіне, Малдове, Грузіі, апазіцыю ў Беларусі.

Трэба было слухаць галасы ўнутры нашага Саюза – у Польшчы, у краінах Балтыі і па ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Яны шмат гадоў казалі, што Пуцін не спыніцца.

І дзейнічалі адпаведна.

Нашы сябры ў краінах Балтыі прыкладаюць вялікія намаганні, каб перастаць залежыць ад Расіі. Інвестуюць у аднаўляльныя крыніцы энергіі, у тэрміналы ЗПГ і ў трубаправоды-інтэрканектары.

Каштуе гэта дорага. Але кошт залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва значна вышэйшы.

Нам трэба пазбавіцца гэтай залежнасці па ўсёй Еўропе.

Таму мы дамовіліся аб сумесным захоўванні энерганосьбітаў. Цяпер сярэдні ўзровень запаўнення газасховішчаў па Еўропе ўжо 84% – мы перавыконваем свае планы.

Але, нажаль, гэтага будзе нядосыць.

Мы дыверсіфікавалі свае закупкі, пераключыўшыся з Расіі на надзейных пастаўшчыкоў – ЗША, Нарвегію, Алжыр і іншых.

У мінулым годзе 40% нашага імпарту газу прыпадала на Расію. Сёння гэта ўсяго 9 працэнтаў газаправодных паставак.

Але Расія працягвае актыўна маніпуляваць нашым энергетычным рынкам. Яна аддае перавагу спальванню газу замест таго, каб пастаўляць яго. Гэты рынак больш не функцыянуе.

Акрамя таго, на нашых рахунках сур'ёзна адбіваецца кліматычны крызіс. Перыяды анамальнай спякоты павысілі попыт на электраэнергію. З-за засух зачыніліся гідра- і атамныя электрастанцыі.

У выніку цэны на газ выраслі больш як у 10 разоў у параўнанні з узроўнем да пандэміі.

Мільёны прадпрыемстваў і хатніх гаспадарак хвалююцца, што не звядуць канцы з канцамі.

Аднак еўрапейцы пераносяць гэта стойка.

Работнікі керамічных заводаў у цэнтральнай Італіі вырашылі пачынаць змены рана раніцай, каб скарыстацца зніжанымі тарыфамі на энерганосьбіты.

Уявіце сабе, як тыя з іх, у каго ёсць дзеці, зараз вымушаны сыходзіць з дому рана, пакуль дзеці яшчэ спяць, з-за вайны, якую яны не выбіралі.

Гэта адзін з мільёнаў прыкладаў таго, як еўрапейцы адаптуюцца да новай рэальнасці.

Я хачу, каб Еўрапейскі саюз узяў прыклад са свайго насельніцтва. Зніжэнне попыту на энерганосьбіты ў пікавыя гадзіны дасць магчымасць выкарыстоўваць пастаўкі на працягу больш працяглага тэрміну і знізіць цэны.

Таму мы прапануем дзяржавам-членам ЕС меры па скарачэнні іх агульнага спажывання электраэнергіі.

Але неабходна больш мэтавая падтрымка.

Напрыклад, такім галінам, як вытворчасць шкла, дзе прадпрыемствам даводзіцца выключаць печы, альбо бацькам, якія адныя выхоўваюць дзяцей і якім прыходзіць адзін палохаючы рахунак за іншым.

Мільёны еўрапейцаў маюць патрэбу ў падтрымцы.

Дзяржавы-члены ЕС ужо інвеставалі мільярды еўра, каб дапамагчы ўразлівым хатнім гаспадаркам.

Але мы ведаем, што гэтага будзе недастаткова.

Таму мы прапануем абмежаваць даходы электрагенеруючых кампаній з нізкімі выдаткамі.

Цяпер яны атрымліваюць незапланавана вялікую выручку, пра якую і не марылі.

У нашай сацыяльнай рынкавай эканоміцы прыбытак – гэта добра.

Але ў такія часы няправільна атрымліваць дадатковыя рэкордныя прыбыткі ад вайны і за кошт спажыўцоў.

У такі час прыбытак павінен размяркоўвацца і накіроўвацца тым, хто мае ў ім найбольшую патрэбу.

Наша прапанова мабілізуе больш за 140 млрд еўра, каб дзяржавы-члены ЕС змаглі наўпрост змякчыць удар.

І, паколькі мы перажываем крызіс выкапнёвага паліва, здабываючая галіна таксама нясе асаблівую адказнасць.

Буйныя нафтавыя, газавыя і вугальныя кампаніі таксама атрымліваюць вялізны прыбытак, а таму павінны ўнесці свой справядлівы ўклад у барацьбу з крызісам.

Усё гэта надзвычайныя і часовыя меры, над якімі мы працуем, у тым ліку дыскусіі аб абмежаванні коштаў.

Нам трэба працягваць працаваць над зніжэннем коштаў на газ.

Мы павінны гарантаваць сабе бяспеку паставак пры захаванні глабальнай канкурэнтаздольнасці.

Для гэтага разам з дзяржавамі-членамі ЕС мы распрацуем комплекс мер, якія ўлічваюць спецыфіку нашых адносін з пастаўшчыкамі – ад ненадзейных пастаўшчыкоў, такіх як Расія, да надзейных сяброў, такіх як Нарвегія.

Мы з Прэм'ер-міністрам [Нарвегіі] Сцёрэ ўзгаднілі стварэнне спецыяльнай групы. Каманды ўжо распачалі сваю працу.

На парадку дня ёсць і яшчэ адна важная тэма. Сёння наш газавы рынак кардынальна змяніўся – ад пераважна газаправодных закупак да росту долі ЗПГ.

Але хаб TTF, які задае дынаміку коштаў на газавым рынку, да гэтага яшчэ не адаптаваўся.

Таму Камісія будзе працаваць над устанаўленнем больш рэпрэзентатыўнага цэнавага арыенціра.

Пры гэтым мы ведаем, што энергетычныя кампаніі сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі з ліквіднасцю на ф'ючэрсных рынках электраэнергіі, што стварае рызыкі для нашай энергетычнай сістэмы.

Мы будзем працаваць з рынкавымі рэгулятарамі, каб спрасціць вырашэнне гэтых праблем, змяніўшы патрабаванні да фінансавага забеспячэння для ўдзельнікаў рынку і прыняўшы меры па абмежаванні ўнутрыдзённай валацільнасці цэн.

А ў кастрычніку мы ўнясём змяненні ў часовую схему дзяржаўнай дапамогі, каб забяспечыць прадастаўленне дзяржаўных гарантый пры захаванні роўных умоў для ўдзельнікаў рынку.

Гэта ўсе першыя крокі, але пры аператыўным вырашэнні крызісу трэба зазіраць і наперад.

Цяперашняя структура рынку электраэнергіі з ранжыраваннем кампаній па выдатках зараз не з'яўляецца справядлівай па адносінах да спажыўцоў.

Яны павінны карыстацца перавагамі недарагіх аднаўляльных крыніц энергіі.

Таму трэба ўхіліць дамінуючы ўплыў газу на кошт электраэнергіі, для чаго мы правядзем глыбокую комплексную рэформу рынка электраэнергіі.

А зараз важны момант. Паўстагоддзя таму, у 1970-х гадах, свет ужо сутыкаўся з крызісам выкапнёвага паліва.

Некаторыя з нас памятаюць выходныя без аўтамабіляў. Але потым мы паехалі той жа дарогай. Мы не пазбавіліся нафтазалежнасці. Горш за тое, здабыча выкапнёвага паліва атрымала сур'ёзныя субсідыі. Гэта было няправільна – не толькі для клімату, але і для нашых дзяржаўных фінансаў і для нашай незалежнасці. І сёння мы ўсё яшчэ плацім за гэта.

Толькі нешматлікія дальнабачныя людзі разумелі, што рэальная праблема – самі выкапнёвыя віды паліва, а не толькі іх кошт.

Сярод іх былі нашы сябры датчане.

Калі здарыўся нафтавы крызіс, Данія пачала шмат укладваць у выкарыстанне энергіі ветра.

Яна заклала асновы для глабальнага лідэрства ў гэтым сектары і стварыла дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў.

Вось як трэба рабіць!

Не проста шукаць часовыя рашэнні, а змяняць парадыгму, здзяйсняючы скачок у будучыню.

ТРАМАЦЦА ВЫБРАНАГА КУРСУ І РЫХТАВАЦЦА ДА БУДУЧЫНІ

Паважаныя Дэпутаты Парламента,

Добрая навіна ў тым, што гэтыя неабходныя пераўтварэнні ўжо пачаты.

Яны ўжо ідуць у Паўночным і Балтыйскім морах, дзе краіны-члены ЕС уклалі вялікія сродкі ў марскія ветрагенератары.

Яны ўжо адбываюцца на Сіцыліі, дзе найбуйнейшы ў Еўропе завод па вытворчасці сонечных панэляў хутка выпусціць прадукцыю найноўшага пакалення.

Яны адбываюцца на поўначы Германіі, дзе мясцовыя электрацягнікі ўжо працуюць на "зялёным" вадародзе.

Вадарод можа змяніць для Еўропы шмат.

Трэба ператварыць рынак вадароду з нішавага ў масавы.

У рамках праекту REPowerEU мы ўжо ўдвая павысілі мэтавыя паказчыкі і плануем з 2030 года вырабляць у ЕС па 10 млн тон аднаўляльнага вадароду штогод.

Для гэтага трэба стварыць арганізацыю-маркетмэйкер, якая нарасціць рынак вадароду, ліквідаваўшы недахоп інвестыцый і наладзіўшы сувязі паміж будучым попытам і прапановай.

Таму сёння я магу аб'явіць аб стварэнні новага Еўрапейскага вадароднага банка.

Ён дапаможа гарантаваць закупкі вадароду, у прыватнасці, за кошт выкарыстання сродкаў Фонда інавацый.

Ён зможа інвеставаць 3 млрд еўра ў пабудову будучага вадароднага рынку.

Так будзе пабудавана эканоміка будучыні.

Так рэалізуецца еўрапейскі "Зялёны курс".

А за апошнія месяцы ўсе мы ўбачылі, наколькі важны "Зялёны курс".

Лета 2022 гады запомніцца нам надоўга. Усе мы бачылі перасохлыя рэкі, лясы, якія гараць, наступствы анамальнай спякоты.

Насамрэч сітуацыя значна больш сур'ёзная. Да гэтага часу альпійскія ледавікі служылі запасной крыніцай вады для такіх рэк, як Рэйн і Рона.

Але паколькі зараз леднікі Еўропы растаюць як ніколі хутка, у будучыні выпадкі засухі стануць значна цяжэйшымі.

Мы павінны нястомна працаваць над адаптацыяй да змены клімату, ператвараючы прыроду ў свайго галоўнага саюзніка.

Таму Еўрапейскі саюз будзе дабівацца заключэння маштабнага сусветнага экалагічнага пагаднення ў рамках Канферэнцыі ААН па біяразнастайнасці, якая пройдзе сёлета ў Манрэалі.

І на 27-й Канферэнцыі бакоў Канвенцыі ААН аб змене клімату ў Шарм-эль-Шэйху мы будзем рабіць тое ж самае.

Але ў кароткатэрміновай перспектыве нам таксама неабходна лепш падрыхтавацца да змены клімату.

Ні адна краіна не можа ў адзіночку змагацца з экстрэмальнымі метэаралагічнымі з'явамі і іх разбуральнай сілай.

Гэтым летам мы адпраўлялі самалёты з Грэцыі, Швецыі і Італіі на барацьбу з пажарамі ў Францыі і Нямеччыне.

Але паколькі такія з'явы робяцца ўсё больш частымі і інтэнсіўнымі, Еўропе спатрэбіцца больш рэсурсаў.

Таму сёння я аб'яўляю аб тым, што ў наступным годзе мы падвоім нашы рэсурсы для барацьбы з пажарамі.

Для камплектацыі нашага супрацьпажарнага флоту Еўрапейскі саюз закупіць дзесяць лёгкіх самалётаў-амфібій і яшчэ тры верталёты.

Гэта еўрапейская салідарнасць у дзеянні.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Апошнія гады паказалі, колькі можа дасягнуць Еўропа, параяўляючы адзінства.

Пасля беспрэцэдэнтнай пандэміі наша эканоміка выйшла на ўзровень, вышэйшы за дакрызісны, у рэкордныя тэрміны.

Мы перайшлі ад адсутнасці вакцыны да забеспячэння больш за 4 мільярдаў доз для еўрапейцаў і для ўсяго свету.

Мы ў рэкордныя тэрміны стварылі праграму SURE, каб людзі захоўвалі працу, нават калі іх кампаніі няма чаго рабіць.

У нас быў найглыбейшы эканамічны спад з часоў Другой сусветнай вайны.

І мы дасягнулі самага хуткага аднаўлення з часоў пасляваеннага буму.

І гэта стала магчымым дзякуючы таму, што мы ўсё згуртаваліся ў рэалізацыі агульнага плану аднаўлення.

Ініцыятыва NextGenerationEU надала ўпэўненасці нашай эканоміцы.

І яе рэалізацыя толькі пачалася.

Дзяржавам-членам ЕС ужо было выдзелена 100 млрд еўра. Гэта азначае, што ў нашу эканоміку яшчэ павінна паступіць 700 млрд еўра.

NextGenerationEU гарантуе пастаянны паток інвестыцый для падтрымання працоўных месцаў і росту.

Гэта дапаможа нашай эканоміцы, але, што яшчэ больш важна, забяспечыць яе абнаўленне.

У рамках праграмы фінансуюцца новыя ветравыя турбіны і ўстаноўкі для сонечнай генерацыі, высакахуткасныя цягнікі і энергазберагальная рэнавацыя.

Мы задумалі яе амаль два гады таму, але гэта менавіта тое, што патрэбна Еўропе сёння.

Так што давайце прытрымлівацца плану.

Давайце выкарыстоўваць гэтыя грошы на месцах.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Дзеля будучыні нашых дзяцей мы павінны інвеставаць у экалагічнасць – і інвеставаць экалагічна.

Мы павінны фінансаваць пераход да лічбавай вугляродна-нейтральнай эканоміцы.

Пры гэтым трэба прызнаць, што павелічэнне дзяржаўнага доўгу будзе новай рэальнасцю.

Нам патрэбны падаткова-бюджэтныя правілы, якія дазволяць ажыццяўляць стратэгічныя інвестыцыі, захоўваючы пры гэтым фінансавую ўстойлівасць.

Правілы, якія адпавядаюць выклікам гэтага дзесяцігоддзя.

У кастрычніку мы прадставім новыя прапановы па кіраванні нашай эканомікай.

Але дазвольце мне загадзя выказаць некалькі асноўных прынцыпаў.

Дзяржавы-члены ЕС павінны мець большую гнуткасць у спосабах скарачэння запазычанасці.

Аднак трэба павысіць падсправаздачнасць выканання ўзгодненых намі задач.

Правілы павінны быць прасцейшымі, каб усе маглі іх выконваць.

Каб адкрыць прастору для стратэгічных інвестыцый і даць фінансавым рынкам неабходную ўпэўненасць.

Давайце зноў пазначым сумесны шлях наперад.

З большай свабодай інвестыцый і большай увагай да ходу выканання планаў.

Павысім адказнасць з боку дзяржаў-членаў ЕС і забяспечым лепшыя вынікі для грамадзян.

Давайце наноў адкрыем для сябе маастрыхцкі дух: стабільнасць і рост могуць ісці толькі рука ў руку.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Уступаючы ў гэты пераходны эканамічны перыяд, мы павінны спадзявацца на непераходзячыя каштоўнасці нашай сацыяльнай рыначнай эканомікі.

Простая ідэя таго, што найвялікшая сіла Еўропы палягае ў кожным з нас.

Наша сацыяльная рынкавая эканоміка заахвочвае ўсіх да ўдасканалення, але таксама ўлічвае далікатнасць кожнага чалавека.

Яна ўзнагароджвае прадукцыйнасць і гарантуе абарону. Адчыняе магчымасці, але і ўсталёўвае абмежаванні.

Сёння нам гэта патрэбна яшчэ больш.

Таму што сіла нашай сацыяльнай рынкавай эканомікі будзе садзейнічаць зялёнаму і лічбаваму пераходу.

Нам патрэбна спрыяльнае бізнес-асяроддзе, працоўная сіла з актуальнымі навыкамі і доступ да сыравінных матэрыялаў, неабходным нашай прамысловасці.

Ад гэтага залежыць нашая будучая канкурэнтаздольнасць.

Мы павінны ліквідаваць перашкоды, якія па-ранейшаму стрымліваюць наш малы бізнэс.

Ён павінен быць у цэнтры гэтай трансфармацыі – бо менавіта на ім будуецца ўся доўгая гісторыя прамысловай моцы Еўропы.

Нашы малыя прадпрыемствы заўсёды ставілі сваіх супрацоўнікаў на першае месца, нават – і асабліва – у крызіс.

Але інфляцыя і нявызначанасць асабліва цяжка адбіваюцца на іх.

Таму мы прадставім пакет дапамогі малым і сярэднім прадпрыемствам.

Ён будзе ўключаць у сябе прапанову па ўвядзенні адзіных падатковых правілаў для бізнесу ў Еўропе – мы называем яго "Бізнес у Еўропе: сістэма падаткаабкладання прыбытку" (BEFIT).

Гэта спросціць вядзенне бізнесу ў Еўрапейскім саюзе. Зніжэнне ўзроўню бюракратыі забяспечыць павышэнне дынамізму кантынентальнага рынку.

Мы таксама перагледзім Дырэктыву аб пратэрмінаваных плацяжах – бо проста несумленна, што адно з чатырох банкруцтваў здараецца з-за несвоечасовай аплаты рахункаў.

Для мільёнаў сямейных прадпрыемстваў гэта будзе выратавальным кругам у бурнай вадзе.

Яшчэ адна праблема для еўрапейскага бізнесу – недахоп чалавечых рэсурсаў.

Узровень беспрацоўя нізкі як ніколі.

І гэта добра!

Але ў той жа час рэкордна вырасла колькасць адкрытых вакансій.

Для пасады кіроўцаў грузавікоў, афіцыянтаў і супрацоўнікаў аэрапортаў.

Медсясцёр, інжынераў і ІТ-спецыялістаў.

Еўропе патрэбная працоўная сіла, ад малакваліфікаванай да выпускнікоў універсітэтаў!

Таму нам неабходна значна больш інвеставаць у адукацыю і прафесійную падрыхтоўку.

Дзеля гэтага мы хочам больш шчыльна супрацоўнічаць з прадпрыемствамі.

Бо яны лепш ведаюць, якія прафесіяналы ім патрэбны сёння і заўтра.

І мы павінны лепш узгадняць гэтыя запатрабаванні з кар'ернымі мэтамі і пажаданнямі саміх кандыдатаў.

Акрамя таго, мы хочам прыцягнуць таленты з-за мяжы, каб умацаваць нашыя кампаніі і стымуляваць рост Еўропы.

Важным першым крокам у гэтым будзе ўдасканаленне і паскарэнне працэдур прызнання іх кваліфікацыі ў Еўропе.

Таму што Еўропа павінна стаць больш прывабнай для тых, хто маюць навыкі і жадаюць ужываць іх тут.

Вось чаму я прапаную, каб 2023 год стаў Еўрапейскім годам прафесійнай падрыхтоўкі і асабліва перападрыхтоўкі.

Паважаныя дэпутаты Еўрапейскага парламента,

Датычна трэцяга пункта, прысвечанага нашым малым і сярэднім прадпрыемствам і прамысловасці.

Доступ да сыравіны – няхай гэта будзе мікрачыпы для віртуальнай рэальнасці альбо сонечныя назапашвальнікі – мае вырашальнае значэнне для поспеху нашага пераходу да ўстойлівай і лічбавай эканомікі.

Літый і рэдказямельныя металы хутка будуць важней за нафту і газ.

Наш попыт толькі на рэдказямельныя металы да 2030 года павялічыцца ў пяць разоў.

Наш попыт толькі на рэдказямельныя металы да 2030 года павялічыцца ў пяць разоў.

І гэта добры знак!

Гэта паказвае тэмп рэалізацыі еўрапейскага "Зялёнага курсу".

Праблема заключаецца ў тым, што цяпер адна краіна кантралюе практычна ўвесь рынак.

Мы павінны пазбягаць залежнасці ад нафты і газу.

І тут у гульню ўступае гандлёвая палітыка.

Новыя партнёрскія адносіны дапамагаюць нам не толькі ўмацоўваць нашу эканоміку, але і папулярызаваць свае інтарэсы і каштоўнасці ва ўсім свеце.

З партнёрамі-аднадумцамі мы таксама можам працаваць зпа-за нашымі межамі і забяспечваць выкананне экалагічных стандартаў.

Перш за ўсё, нам трэба ўзаемадзейнічаць з гэтымі партнёрамі і падтрымліваць сувязі з ключавымі рэгіёнамі, якія растуць.

Таму я прадстаўлю да ратыфікацыі дамовы з Чылі, Мексікай і Новай Зеландыяй.

І мы вядзем перамовы з важнымі партнёрамі ў Аўстраліі і Індыі.

Аднак забеспячэнне паставак – толькі першы крок. Не менш важная апрацоўка гэтых металаў.

Сёння сусветную перапрацоўчую прамысловасць кантралюе Кітай. Амаль 90 працэнтаў рэдказямельных металаў і 60 працэнтаў літыя апрацоўваецца ў Кітаі.

Мы намецім стратэгічныя праекты па ўсім ланцужку паставак, ад здабычы да ачысткі, ад апрацоўкі да другаснай перапрацоўкі, і будзем нарошчваць стратэгічныя рэзервы там, дзе прапанова знаходзіцца пад пагрозай.

Вось чаму сёння я анансую прыняцце Еўрапейскага закону аб стратэгічна важных сыравінных матэрыялах.

Мы ведаем, што такі падыход можа спрацаваць.

Пяць гадоў таму Еўропа запусціла Батарэйны альянс, і неўзабаве дзве траціны неабходнага нам аб'ёму батарэй будзе вырабляцца ў Еўропе.

У мінулым годзе я анансавала Еўрапейскі закон аб мікрачыпах, і ў бліжэйшыя месяцы будзе закладзена першая гігафабрыка па вытворчасці мікрачыпаў.

Гэтыя поспехі трэба паўтарыць.

Таму мы пашырым свой фінансавы ўдзел у важных праектах, якія маюць агульнаеўрапейскую цікавасць.

І на будучыню я буду настойваць на стварэнні новага Еўрапейскага фонду суверэнітэту.

Давайце паклапоцімся аб тым, каб будучыня прамысловасці была ў Еўропе.

АДСТОЙВАЦЬ НАШУ ДЭМАКРАТЫЮ

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Калі мы глядзім на сённяшні свет, часта ствараецца адчуванне, што тое, што раней здавалася непарушным, зараз як быццам знікае.

І ў некаторым сэнсе смерць Каралевы Лізаветы II на мінулым тыдні нагадала нам пра гэта.

Яна легенда!

Яна была сталай велічынёй падчас бурных перыпетый апошніх 70 гадоў.

Стаічнай і стойкай у сваім служэнні.

І, што найбольш важна, яна заўсёды знаходзіла правільныя словы для кожнага моманту.

Пачынаючы са званкоў эвакуіраваным у 1940 годзе і заканчваючы гістарычнай прамовай падчас пандэміі.

Яна гаварыла не толькі з сэрцам свайго народа, але і з душой усяго свету.

І калі я думаю пра сітуацыю, у якой мы знаходзімся сёння, у маёй памяці ўсё яшчэ адклікаюцца яе словы ў разгар пандэміі.

Яна сказала: "Мы справімся – і гэты поспех будзе належыць кожнаму з нас".

Яна заўсёды нагадвала нам аб тым, што наша будучыня будуецца на новых ідэях і заснавана на нашых найстарэйшых каштоўнасцях.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мы імкнемся рэалізоўваць ідэю дэмакратыі і вяршэнства права.

І краіны свету сумесна стварылі міжнародную сістэму для падтрымання міру і бяспекі, справядлівасці і эканамічнага прагрэсу.

А сёння менавіта на яе нацэлены расійскія ракеты.

Тое, што мы бачылі на вуліцах Бучы, на выпаленых збожжавых палях, а зараз і ля варот найбуйнейшай ва Украіне атамнай электрастанцыі – не толькі парушэнне міжнародных нормаў.

Гэта наўмысная спроба скінуць іх з рахункаў.

Гэты пераломны момант у сусветнай палітыцы патрабуе пераасэнсавання нашага знешнепалітычнага парадку дня.

Надышоў час укладвацца ў сілу дэмакратыі.

Гэтая праца пачынаецца з асноўнай групы нашых аднадумцаў – нашых сяброў у кожнай дэмакратычнай краіне.

Мы з імі бачым свет аднолькава, і мы павінны мабілізаваць агульныя сілы для фарміравання агульнасусветных даброт.

Трэба старацца пашыраць гэтае ядро дэмакратыі. І самы непасрэдны спосаб для гэтага – паглыбленне нашых сувязяў і ўмацаванне дэмакратыі на нашым кантыненце.

Пачынаючы з тых краін, якія ўжо знаходзяцца на шляху да нашага Саюза.

Мы павінны быць на іх баку на кожным кроку.

Таму што шлях да моцных дэмакратый той самы, што і шлях да нашага Саюзу.

Таму я хачу, каб народы Заходніх Балканаў, Украіны, Малдовы і Грузіі ведалі:

Вы частка нашай сям'і, ваша будучыня – у нашым Саюзе, і наш Саюз без вас не поўны!

Мы таксама бачым неабходнасць працы з краінамі Еўропы, якія не ўдзельнічаюць у працэсе далучэння.

Вось чаму я падтрымліваю заклік да стварэння Еўрапейскай палітычнай супольнасці – і мы выкажам свае ідэі Еўрапейскаму савету.

Але нашая будучыня таксама залежыць ад нашай здольнасці ўзаемадзейнічаць не толькі з асноўнай групай нашых дэмакратычных партнёраў.

Краіны блізкага і далёкага замежжа зацікаўлены ў сумеснай працы з намі над такімі вялізнымі выклікамі гэтага стагоддзя, як змяненне клімату і лічбавізацыя.

Гэта галоўная ідэя "Глабальнага партала" (Global Gateway) – інвестыцыйнага плану, які я анансавала тут жа год таму.

Ён ужо дае вынікі на месцах.

Разам з нашымі афрыканскімі партнёрамі мы будуем дзве фабрыкі ў Руандзе і Сенегале для вытворчасці мРНК-вакцын.

Яны будуць зроблены ў Афрыцы для Афрыкі, з ужываннем тэхналогій сусветнага ўзроўню.

І зараз мы выкарыстоўваем гэты падыход па ўсёй Лацінскай Амерыцы ў рамках больш шырокай стратэгіі ўцягвання.

Для гэтага патрабуюцца інвестыцыі ў глабальным маштабе.

І каб зрабіць гэта, мы аб'яднаемся з нашымі сябрамі ў ЗША і з іншымі партнёрамі з "Вялікай сямёркі".

У сувязі з гэтым мы з прэзідэнтам Байдэнам склічам нараду лідараў для разгляду і аб'яўлення праектаў па рэалізацыі гэтых ініцыятыў.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Гэта частка нашай працы па ўмацаванні нашай дэмакратыі.

Але мы не павінны выпускаць з-пад увагі тое, як замежныя аўтакраты ўплываюць на нашы ўласныя краіны.

Замежныя суб'екты фінансуюць інстытуты, якія падрываюць нашыя каштоўнасці.

Іх дэзінфармацыя распаўсюджваецца ў інтэрнэце і ў аўдыторыях нашых універсітэтаў.

У гэтым годзе адзін універсітэт у Амстэрдаме закрыў нібыта незалежны даследчы цэнтр, які фактычна фінансаваўся кітайскімі арганізацыямі. Гэты цэнтр нібыта публікаваў даследаванні ў галіне правоў чалавека, у якіх існаванне працоўных лагераў для уйгураў называлася «чуткамі».

Гэтая хлусня таксічная для нашай дэмакратыі.

Толькі падумайце: з меркаванняў бяспекі мы прымаем законы аб праверцы прамых замежных інвестыцый у нашых кампаніях.

Калі мы зробім гэта для нашай эканомікі, хіба мы не павінны рабіць тое самае для нашых каштоўнасцяў?

Нам трэба лепш абараняць сябе ад умяшання, якое нясе шкоду.

Таму мы ўнясем на разгляд пакет мер па абароне дэмакратыі.

Ён выведзе на чыстую ваду схаваны замежны ўплыў і сумнеўнае фінансаванне.

Мы не дазволім ніякім аўтакратычным траянскім коням нападаць на нашы дэмакратыі знутры.

Наш кантынент ідзе да дэмакратыі ўжо больш за 70 гадоў. Аднак гэты доўгі шлях не ўвянчаецца поспехам аўтаматычна.

Многія з нас занадта доўга ўспрымалі дэмакратыю як належнае. Асабліва тыя, хто, як я сама, ня ведае, што значыць жыць пад пятой аўтарытарнага рэжыму.

Сёньня мы ўсе бачым, што мы павінны змагацца за нашыя дэмакратычныя рэжымы. Кожны дзень.

Мы павінны абараніць іх як ад знешніх пагроз, з якімі яны сутыкаюцца, так і ад заган, якія разбураюць іх знутры.

Абавязак і найвысакародная роля маёй Камісіі – абараняць вяршэнства права.

Запэўніваю вас, што мы будзем настойваць на незалежнасці судовай улады.

І абаронім наш бюджэт з дапамогай механізму абумоўленасці.

Сёння я хачу паразмаўляць аб карупцыі і ўсіх яе асобах. Асобах замежных агентаў, якія спрабуюць паўплываць на нашу палітычную сістэму. Асобах сумнеўных кампаній альбо фондаў, якія злоўжываюць бюджэтнымі грашыма.

Калі мы хочам гучаць пераканаўча, патрабуючы ад краін-кандыдатаў умацоўваць сваю дэмакратыю, то самі мусім выкараніць карупцыю ў сябе дома.

Таму ў наступным годзе Камісія прадставіць меры па абнаўленні нашай нарматыўна-прававой базы для барацьбы з карупцыяй.

Мы зробім больш жорсткай нарматыўную базу ў дачыненні да такіх правапарушэнняў, як незаконнае ўзбагачэнне, незаконнае выкарыстанне ўплыву і злоўжыванне ўладай, акрамя больш класічных правапарушэнняў, такіх як хабарніцтва.

Мы таксама прапануем уключыць карупцыю ў наш рэжым санкцый у галіне правоў чалавека як новы інструмент абароны нашых каштоўнасцяў за мяжой.

Карупцыя падрывае давер да нашых інстытутаў. Таму мы павінны змагацца з ёй, выкарыстоўваючы поўную сілу закона.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Нашыя заснавальнікі збіраліся закласці толькі першы камень гэтай дэмакратыі.

Яны заўжды думалі, што завершаць працу ўжо будучыя пакаленні.

"Дэмакратыя не выйшла з моды, але яна павінна абнаўляцца, каб і далей паляпшаць жыццё людзей".

Гэта сказаў Давід Сасолі – вялікі еўрапеец, якому мы ўсе сёння аддаём даніну павагі.

Давід Сасолі лічыў, што Еўропа заўсёды павінна шукаць новыя гарызонты.

І дзякуючы нягодам гэтых часоў мы пачалі бачыць, якім можа быць наш новы гарызонт.

Наш Саюз можа стаць смялейшым.

Бліжэй да людзей у цяжкія часы.

Ён можа больш рашуча рэагаваць на гістарычныя выклікі і паўсядзённыя клопаты еўрапейцаў. І дапамагаць ім, калі яны сутыкаюцца ў жыцці з вялікімі выпрабаваннямі.

Таму такой важнай была Канферэнцыя аб будучыні Еўропы.

Яна прадставіла альтэрнатыўныя варыянты ўцягвання грамадзян у працу Еўрапейскага Саюза, не толькі падчас выбараў.

І зараз, выслухаўшы сваіх грамадзян, Еўропа павінна дзейнічаць.

Грамадскія групы, якія займалі цэнтральнае месца ў працы Канферэнцыі, зараз стануць звыклым фарматам нашага дэмакратычнага жыцця.

І ў лісце аб намерах, які я накіравала сёння Прэзідэнту Еўрапейскага парламента Метсоле і Прэм'ер-міністру [Чэшскай Рэспублікі] Фіале, я выклала шэраг прапаноў на наступны год на аснове высноў Канферэнцыі.

Сярод іх, у прыватнасці, новая ініцыятыва ў сферы псіхічнага здароўя.

Мы павінны больш клапаціцца адно пра аднаго. І для многіх людзей, якія пакутуюць ад трывогі і пачуцця страчанасці, адпаведная падтрымка, даступная лагістычна і фінансава, значыць шмат.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Дэмакратычныя інстытуты павінны ўвесь час заваёўваць і аднаўляць давер грамадзян.

Мы павінны адпавядаць новым выклікам, якія заўсёды ставіць перад намі гісторыя.

Напрыклад, калі мільёны ўкраінцаў пастукаліся да нас у дзверы, еўрапейцы выклік прынялі.

Гэта Еўропа ў сваёй лепшай праяве.

Саюз рашучасці і салідарнасці.

Аднак гэтая рашучасць і імкненне да салідарнасці па-ранейшаму адсутнічаюць у нашых дэбатах па пытаннях міграцыі.

Нашы дзеянні ў адносінах да ўкраінскіх уцекачоў не павінны быць выключэннем. Яны могуць быць прыкладам на будучыню.

Нам патрэбны справядлівыя і хуткія працэдуры, крызісаўстойлівая сістэма, якая хутка разгортваецца, а таксама пастаянны і юрыдычна абавязковы механізм, які забяспечвае салідарнасць.

І ў той жа час нам неабходны эфектыўны кантроль над нашымі знешнімі межамі пры захаванні асноўных правоў.

Я хачу, каб Еўропа кіравала працэсамі міграцыі з добрай якасцю і павагай.

Я хачу, каб Еўропа была такой, дзе ўсе дзяржавы-члены бяруць на сябе адказнасць за нашыя агульныя выклікі.

І я хачу, каб Еўропа праяўляла салідарнасць з усімі дзяржавамі-членамі.

У нас ёсць поспехі ў ажыццяўленні Пакта, зараз у нас ёсць Дарожная карта. І зараз нам патрэбная адпаведная палітычная воля.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Тры тыдні таму мне прадставілася неверагодная магчымасць далучыцца да 1500 маладых людзей з усёй Еўропы і свету, якія сабраліся ў Тэзе.

У іх розныя погляды, яны з розных краін, у іх рознае паходжанне, яны размаўляюць на розных мовах.

І ўсё ж іх нешта звязвае.

Агульныя каштоўнасці і ідэалы.

Яны вераць у гэтыя каштоўнасці.

Усе яны захопленыя нечым большым, чым яны самі.

Гэтае пакаленне не толькі летуценнікаў, але і стваральнікаў.

У сваёй папярэдняй прамове аб становішчы Саюза я сказала вам, што жадаю, каб Еўропа была больш падобная да гэтай моладзі.

Мы павінны ставіць іх памкненні на першае месца ва ўсім, што мы робім.

І месца для гэтага – у нашых устаноўчых дамовах.

Усе дзеянні, якія робяцца нашым Саюзам, павінны грунтавацца на простым прынцыпе.

Не нашкодзь будучыні сваіх дзяцей.

Пакінь свет лепшым, чым ён быў, для наступнага пакалення.

І таму, паважаныя дэпутаты Парламента, я лічу, што надышоў час замацаваць салідарнасць паміж пакаленнямі ў нашых дамовах.

Прыйшоў час абнавіць еўрапейскае абяцанне.

А яшчэ трэба ўдасканаліць тое, як мы дзейнічаем і як прымаем рашэнні.

Хтосьці можа сказаць, што зараз непрыдатны час. Але калі мы сур'ёзна настроены на падрыхтоўку да заўтрашняга свету, мы павінны быць у стане дзейнічаць па найважнейшых для людзей пытаннях.

І паколькі мы сур'ёзна настроены на пашырэнне Саюза, мы таксама павінны сур'ёзна ставіцца да рэформ.

Так што, як заклікаў гэты Парламент, я лічу, што надышоў момант для склікання Еўрапейскага сходу.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Кажуць, што ярчэй за ўсё святло ў цемры.

І гэта, безумоўна, слушна ў адносінах да жанчын і дзяцей, якія ратуюцца ад расейскіх бомбаў.

Яны ўцякалі з краіны, дзе ідзе вайна, з сумам аб тым, што пакінулі ззаду, і са страхам перад тым, што чакае наперадзе.

Але іх прынялі з распасцёртымі абдымкамі. Многія нашы грамадзяне, такія як Магдалена і Агнешка. Дзве самаадданыя маладыя дзяўчыны з Польшчы.

Як толькі яны пачулі пра цягнікі, поўныя ўцекачоў, яны паспяшаліся да Варшаўскага цэнтральнага вакзала.

Яны заняліся арганізацыяй.

Яны ўсталявалі палатку, каб дапамагчы як мага большай колькасці людзей.

Яны папрасілі ў сетак супермаркетаў прадаставіць прадукты, а ў мясцовых уладаў –  арганізаваць аўтобусныя рэйсы да пунктаў прыёму.

За некалькі дзён яны сабралі 3000 добраахвотнікаў, каб прымаць уцекачоў кругласутачна і без выходных.

Паважаныя дэпутаты Парламента,

Магдалена і Агнешка сёння тут з намі.

Давайце разам паапладуем ім і ўсім еўрапейцам, якія адчынілі свае сэрцы і свае дамы.

Іх гісторыі ўвасабляюць усю сутнасць і ўсе памкненні нашага Саюза.

Гэта гісторыі сэрца, характару і салідарнасці.

Яны паказалі ўсім, чаго еўрапейцы могуць дасягнуць, аб'яднаўшыся вакол агульнай місіі.

Гэта дух Еўропы.

Саюза, які трывала стаіць у адзінстве.

Саюза, які перамагае ў адзінстве.

Няхай жыве Еўропа.