This isn't an official website of the European Union

Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў: сумесная заява Высокага Прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля і намесніка Старшыні Еўрапейскай Камісіі Веры Юравай

02.11.2023 EEAS Press Team

Напярэдадні Міжнароднага дня спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, які адзначаецца 2 лістапада, а таксама ў год 75-й гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека Высокі Прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль і намеснік Старшыні Еўрапейскай Камісіі Вера Юрава выпусцілі наступную заяву:

"У гэтыя цяжкія часы, абцяжараныя войнамі, канфліктамі і тэрактамі, мы ўзгадваем і аддаём належнае надзвычай важнай ролі журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ ў барацьбе за праўду і правы чалавека. Журналісты ўносяць свой уклад у супрацьдзеянне дэзінфармацыі і рыторыцы нянавісці, а таксама ў падтрыманне сістэмы стрымак і проціваг у дачыненні да ўладаў і дзяржаўных інстытутаў. Яны праліваюць святло на ваенныя злачынствы і парушэнні правоў чалавека – часам з рызыкай для ўласнага жыцця.

Мы рашуча асуджаем забойствы, фізічныя напады, адвольныя затрыманні, запалохванне, цкаванне і сачэнне ў інтэрнэце і ў рэальным жыцці, з якімі часам сутыкаюцца журналісты падчас сваёй працы. Ва ўсім свеце СМІ па-ранейшаму падвяргаюцца вобшукам, іх зачыняюць, а журналісты ўсё часцей робяцца мішэнямі заканадаўчых актаў, якія абмяжоўваюць свабоду слова, і злоўжыванняў судовымі іскамі, што абмяжоўвае плюралізм меркаванняў, рэдакцыйную незалежнасць і парушае свабоду слова.

Парушэнні правоў чалавека і злоўжыванні ў адносінах да журналістаў не павінны заставацца беспакаранымі. Мы заклікаем да стварэння нацыянальных механізмаў для абароны журналістаў, якія ўключаюць у сябе меры павышэнні інфармаванасці, па прадухіленні правапарушэнняў і пераследзе за іх, а таксама па абароне ахвяр, з асаблівай увагай да мер па абароне жанчын-журналістаў і прадстаўнікоў меншасцяў сярод журналістаў.

ЕС па-ранейшаму мае намер падтрымліваць незалежных журналістаў і іншых супрацаўнікоў СМІ ўсюды. Мы будзем і надалей выкарыстоўваць усе наяўныя дыпламатычныя сродкі для прыцягнення ўвагі да сітуацыі асобных журналістаў, якія знаходзяцца пад вартай ці ў небяспецы. Мы таксама стварылі механізм ProtectDefenders.eu для забеспячэння фізічнай і лічбавай абароны, юрыдычнай і рэлакацыйнай падтрымкі журналістам, якія знаходзяцца ў сітуацыі павышанай рызыкі.

Члены ЕС згуртавана падтрымліваюць сістэму абароны правоў чалавека ААН, у тым ліку надзвычай важную дзейнасць Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і ЮНЕСКА па забеспячэнні бяспекі журналістаў і выпрацоўцы агульных рашэнняў.

У рамках праграмы ЕС "Глабальная Еўропа: правы чалавека і дэмакратыя" выдзелена €185 млн на падтрымку незалежных СМІ, якая ажыццяўляецца за кошт эфектыўнага выкарыстання працэсаў лічбавізацыі ва ўсім свеце.

Абараняць журналістаў – значыць абараняць нашыя ўласныя правы. Дэмакратыя немагчыма без свабодных і незалежных СМІ. Таму ЕС таксама робіць беспрэцэдэнтныя крокі па абароне журналістаў на ўласнай тэрыторыі.

Мы заклікаем краіны ЕС да выканання Рэкамендацый Еўрапейскай камісіі па забеспячэнні бяспекі журналістаў. Прапанаваны праект Еўрапейскага закона аб свабодзе СМІ закліканы забяспечыць іх незалежнасць і плюралізм медый. Еўрапейская камісія таксама робіць захады па супрацьдзеянні стратэгічным іскам супраць удзелу грамадскасці, пры дапамозе якіх аказваецца ціск на журналістаў з мэтай прымусіць іх замаўчаць. Трэба аператыўна прыняць гэтыя заканадаўчыя прапановы, каб палепшыць працоўнае асяроддзе для журналістаў і СМІ і ўкараніць сусветныя стандарты.

Еўрапейскі саюз падтрымлівае журналістаў усяго свету, якія штодня рэалізуюць сваю свабоду слова дзеля нашага агульнага дабра".

Інфармацыя для даведкі

ЕС працягвае падтрымліваць і абараняць права на свабоду меркаванняў і слова ў інтэрнэце і ў рэальным жыцці, а таксама свабоду СМІ, і асуджаць прыгнёт журналістаў, блогераў, супрацоўнікаў СМІ, пагрозы і напады на іх. Як пазначана ў Плане дзеянняў ЕС у галіне правоў чалавека і дэмакратыі на 2020 – 2024 гады, ЕС вядзе ва ўсім свеце працу па аказанні дапамогі людзям, якія падвяргаюцца пагрозам і запалохванню, заклікаючы дзяржаўныя ўлады прадухіляць і асуджаць парушэнні правоў чалавека і прымаць эфектыўныя меры для таго, каб пакласці канец беспакаранасці. У 2021 годзе ЕС таксама прыняў Рэкамендацыю па абароне журналістаў, у якой падкрэсліваецца важнасць гарантавання бяспекі журналістаў і супрацоўнікаў СМІ ў ЕС. У мінулым годзе Еўрапейская Камісія зацвердзіла прапанову па барацьбе са стратэгічнымі іскамі супраць удзелу грамадскасці, даўшы журналістам і праваабаронцам інструменты для барацьбы са злоўжываннем судовымі цяжбамі. Акрамя таго, мы зрабілі абарону журналістаў адным з ключавых элементаў Еўрапейскага закону аб свабодзе СМІ, праект якога быў прапанаваны ў верасні 2022 года.

Па дадзеных незалежных грамадскіх арганізацый, узровень беспакаранасці за забойствы журналістаў за апошнія гады дасягнуў 80%. Па стане на кастрычнік 2023 года Абсерваторыя ЮНЕСКА па забойствах журналістам зафіксавала 688 бягучых нераскрытых спраў па факце забойства журналістаў. Распрацаваныя ЮНЕСКА паказчыкі бяспекі журналістаў, а таксама Абсерваторыя па забойствах журналістаў з'яўляюцца надзвычай важнымі інструментамі для таго, каб прыцягваць увагу да асобных выпадкаў і пакласці канец беспакаранасці.

ProtectDefenders.eu – механізм, створаны Еўрапейскім саюзам для абароны праваабаронцаў, якія падвяргаюцца павышанай рызыцы і знаходзяцца ў самых складаных сітуацыях па ўсім свеце. Гэта механізм аказання фінансавай дапамогі ў мэтах іх фізічнай і лічбавай абароны, юрыдычнай падтрымкі, медыцынскай дапамогі, адсочвання ходу судовых працэсаў, выпадкаў арышту і пазбаўлення волі, а таксама аказання падтрымкі сем'ям праваабаронцаў, навучання і падтрымкі ў іншых формах.

Адным з прыярытэтаў праграмы ЕС "Глабальная Еўропа: правы чалавека і дэмакратыя" з'яўляецца "абарона асноўных свабод, уключаючы выкарыстанне магчымасцей лічбавых і іншых новых тэхналогій і вырашэнне звязаных з імі праблем". Праграма накіравана на развіццё патэнцыялу якасных незалежных і плюралістычных СМІ, у тым ліку працу журналістаў-расследавальнікаў, блогераў і фактчэкераў, якія забяспечваюць грамадскасць надзейнай інфармацыяй па выніках адказнай і прафесійнай працы. Гэтая праграма падтрымлівае грамадзянскую супольнасць шляхам павышэння пісьменнасці ў галіне анлайн-медыя і развіцця лічбавых навыкаў, а таксама садзейнічання развіццю паўсюднага роўнага доступу людзей да адкрытага, глабальнага, свабоднага і бяспечнага інтэрнэту. Запланаваны на 2021 – 2027 гг. бюджэт мер падтрымкі СМІ і лічбавізацыі складае €185 млн. Гэтая праграма дапаўняе іншыя меры падтрымкі двухбаковага і рэгіянальнага ўзроўню.

Праз такія праекты, як Ініцыятыва "СМІ за дэмакратыю", прадстаўніцтвы ЕС могуць павышаць якасць сваёй працы з журналістамі ва ўсім свеце. Мы маем намер і надалей фінансава падтрымліваць забеспячэнне свабоды СМІ і праекты, накіраваныя на развіццё медыяплюралізму, у тым ліку тыя, якія падтрымліваюць незалежных журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні на тэрыторыі ЕС.

Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека падчас двухбаковых кантактаў па магчымасці ўзнімае пытанні бяспекі і абароны журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, а таксама свабоды слова. Гэта, у прыватнасці, мае на ўвазе прыцягненне ўвагі да выпадкаў асобных журналістаў і іншых працаўнікоў СМІ, якія знаходзяцца ў турме альбо ўтрымліваюцца пад вартай за сваю дзейнасць, а таксама сталае ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю.

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53