Беларусь: Заява Высокага прадстаўніка ў 4-ю гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў
Чатыры гады таму, 9 жніўня, народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі пазбавіць іх права вырашаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы і дэмакратычную будучыню сваёй краіны.
Рэжым Лукашэнкі адказаў масавай кампаніяй гвалту і запалохвання ўласнага народа. Зараз у зняволенні знаходзяцца каля 1400 палітвязняў. Яны ўяўляюць сабой толькі частку з тысяч людзей, якія знаходзяцца ў палітычна матываваных зняволеннях з 2020 года. Лукашэнка распачаў татальныя рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, свабодных СМІ і журналістаў, палітычных апанентаў, дзеячаў незалежных прафсаюзаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і зрэшты супраць усіх звычайных грамадзян, якія выказваюць свае погляды, як у краіне, так і за яе межамі.
Прынамсі шэсць палітвязняў загінулі ў зняволенні, і многія з іх утрымліваюцца без права зносін больш за год. Некаторыя з затрыманых знаходзяцца ў стане небяспекі для жыцця і патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі. Такое абыходжанне са зняволенымі і затрыманымі з'яўляецца парушэннем міжнароднага права і ўласных абавязацельстваў Беларусі. У сваёй апошняй справаздачы Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што злачынства пераследу, якое з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці, магло быць здзейснена ў Беларусі. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых.
Беларускі суверэнітэт і ідэнтычнасць знаходзяцца пад усё большай пагрозай. У дадатак да шырокамаштабных унутраных рэпрэсіяў, беларускі рэжым стаў саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. Па-за палітычнай, ваеннай і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкай, ён спрыяў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. З 2021 года рэжым таксама арганізоўваў міграцыйны ціск на знешніх межах ЕС.
За ўсё гэта ЕС увёў некалькі раундаў санкцый супраць рэжыму і яго прыхільнікаў. 5 жніўня ЕС прыняў дадатковыя санкцыі ў дачыненні да 28 асобаў, датычных, у прыватнасці, да парушэнняў правоў чалавека, палітычна матываваных судовых працэсаў і дзяржаўнай прапаганды. Агулам у цяперашні час пад індывідуальныя абмежавальныя меры ЕС трапіла 261 фізічная асоба і 37 арганізацый і органаў. ЕС таксама ўзначальвае намаганні па забеспячэнні адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека у межах ААН і на іншых міжнародных форумах, а таксама па падтрымцы міжнародных ініцыятыў па прыцягненні да адказнасці ўсіх вінаватых.
ЕС застаецца з’яднаным у сваёй падтрымцы адважных людзей Беларусі, беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці ў іх імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы. Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЕС прадаставіць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання яе інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны план эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 мільярдаў еўра. Мы і надалей будзем дамагацца таго, каб голас беларускага народу быў пачуты.