Якія высновы трэба зрабіць з прыгожынскага мецяжу?
У суботу 24 чэрвеня мяне разбудзіў тэлефонны званок, з якога я даведаўся, што апалчэнне ПВК "Вагнер" захапіла штаб ваеннай акругі расійскай арміі ў Растове-на-Доне і выступіла ў бок Масквы.
Падчас відэаканферэнцыі міністраў замежных справаў “Вялікай сямёркі” мы дамовіліся не рабіць публічных каментароў наконт гэтых падзей, каб не даваць Уладзіміру Пуціну і ягонай прапагандысцкай машыне нагоду вінаваціць заходнія краіны ў гэтай унутрырасійскай праблеме. Цяпер жа, калі мяцеж скончыўся, мы можам і павінны вынесці урокі з таго, што здарылася ў Расіі ў тую суботу.
Аслабленне пуцінскага рэжыму
Першы ўрок заключаецца ў тым, што агрэсіўная вайна супраць Украіны аслабіла рэжым Уладзіміра Пуціна значна больш, чым здавалася многім назіральнікам. З лютага 2022 года ён, здавалася, захоўваў ці нават узмацняў свой кантроль улады, нягледзячы на некаторыя разгромныя паразы расійскага войска ва Украіне. Пры гэтым многія назіральнікі сцвярджалі, што расійская эканоміка (пакуль яшчэ) сур'ёзна не пацярпела ад вайны і нашых санкцый.
Мяцеж Прыгожына, той факт, што наўрад ці якія-небудзь сілы актыўна супраціўляліся захопу галоўнага расійскага штаба ў вайне супраць Украіны, а таксама паход на Маскву, які пачаўся пасля гэтага, прадэманстравалі глыбіню расколу ў расійскай арміі і дзяржапараце.
“Тое, што фінансаваная дзяржавай група наймітаў адкрыла агонь па рэгулярным дзяржаўным войску, паказвае ступень паталагічнасці пуцінскай Расіі”
27 чэрвеня Пуцін упершыню публічна прызнаў, што ПВК "Вагнер" маштабна падтрымліваецца і фінансуецца расійскімі ўладамі. Як я казаў на мінулым пасяджэнні Савета па замежных справах, Пуцін стварыў пачвару, і цяпер гэтая пачвара яе ўкусіла. Тое, што фінансаваная дзяржавай група наймітаў адкрыла агонь па рэгулярным дзяржаўным войску, паказвае ступень паталагічнасці пуцінскай Расіі.
Сімвалічна, што напярэдадні спробы мецяжу Прыгожын не пагадзіўся з афіцыйным наратывам, які выкарыстоўвае Крамль для апраўдання вайны, і абверг наяўнасць у Кіева і НАТА планаў агрэсіі. Ён абвінаваціў Міністра абароны Шайгу ў распаўсюджванні хлусні ў асабістых мэтах. Спадзяюся, што ўсё больш расійцаў, а таксама людзей ва ўсім свеце, пачнуць падвяргаць сумневу маніпулятыўныя афіцыйныя трактоўкі гэтай вайны, якія выкарыстоўваюцца Пуціным, Лаўровым і іншымі асобамі.
Сур'ёзная страта аўтарытэту
Нават калі гэтая спроба перавароту ў канчатковым выніку правалілася, Пуцін сур'ёзна страціў аўтарытэт, што мае рэальныя наступствы для будучыні. Пуцін і яго рэжым зараз могуць паспрабаваць зноў умацаваць сваю ўладу, прыструніўшы ваенных блогераў, якія адважыліся крытыкаваць войска, або правёўшы чыстку ваеннага, сілавога і дзяржаўнага апарата. Аднак відавочна, што расійская дзяржава знаходзіцца ў глыбокім крызісе.
Рызыка росту нестабільнасці ў Расіі – яшчэ адно сур'ёзнае наступства мецяжу Прыгожына, асабліва для краіны, якая валодае ядзернай зброяй. Але вось яшчэ адзін урок, вынесены з агрэсіўнай вайны Расіі, якая працягваецца: пуцінская Расія ўяўляе сабой самую вялікую пагрозу еўрапейскай і глабальнай бяспецы, а яе ядзерны арсенал робіць яе не менш, а больш небяспечнай для ўсяго цывілізаванага свету.
“Перамога Украіны адкрыла б для Расіі магчымасць пачаць працэс перамен, што з'яўляецца неабходнай умовай для трывалага міру”
Гэта яшчэ адна прычына, па якой мы павінны і далей падтрымліваць украінскія ўзброеныя сілы, якія імкнуцца выцесніць расійскія войскі з краіны. Перамога Украіны – гэта лепшы спосаб дасягнуць справядлівага міру, заснаванага на міжнародным праве, які патрэбен Украіне і якога яна заслугоўвае. Такі мір таксама адкрые для Расіі магчымасць пачаць працэс перамен, што з'яўляецца неабходнай умовай для трывалага міру. Гісторыя Расіі паказвае, што калі прыходзяць перамены, яны могуць надысці хутка. Мы павінны быць гатовы да гэтага.
Акрамя таго, ёсць яшчэ і беларускі аспект. Афіцыйна Лукашэнка адыграў важную ролю ва ўціхамірванні мецяжу Прыгожына. Яго рэжым, які не прымаецца пераважнай большасцю беларусаў, можа трымацца толькі дзякуючы падтрымцы Расіі, і любы выклік уладзу Пуціна, хутчэй за ўсё, прывядзе да падзення Лукашэнкі.
Уважліва сочым за Беларуссю
Мы ўважліва сочым за развіццём падзей у Беларусі, у прыватнасці за размяшчэннем у краіне наймітаў “Вагнера”. Іх магчымы ўдзел у агрэсіўных дзеяннях рэжыму Лукашэнкі ў адносінах да сваіх суседзяў адназначна выкліча рашучы адказ з нашага боку.
На мінулым тыдні я зноў сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і іншымі лідарамі дэмакратычнай і грамадзянскай супольнасці Беларусі, каб запэўніць іх у тым, што мы нязменна падтрымліваем свабодную і дэмакратычную Беларусь. Мы дамовіліся аб стварэнні рэгулярнай Кансультатыўнай групы, каб забяспечыць пастаянны дыялог паміж ЕС і беларускай апазіцыяй.
Нарэшце, Міністру замежных спраў Лаўрову было даручана запэўніць свет у тым, што Расія “выйдзе мацнейшай” пасля мецяжу. Аднак я думаю, што першымі занепакояцца блізкія партнёры Расіі. У прыватнасці, Кітай зараз можа ўсвядоміць, што падтрымка вайны Пуціна магла быць пралікам з пункту гледжання яго [Кітая] доўгатэрміновых інтарэсаў. Адмова прэзідэнта Казахстана падтрымаць Уладзіміра Пуціна падчас гэтых падзеяў таксама сведчыць аб далейшым паслабленні ўплыву Расіі ў суседніх краінах.
“Кітай зараз можа ўсвядоміць, што падтрымка вайны Пуціна магла быць пралікам з пункту гледжання яго [Кітая] доўгатэрміновых інтарэсаў.”
Прызнанне таго, што “Вагнер” у рэчаіснасці з'яўляецца структурай, кантраляванай расійскай дзяржавай, мае далёка ідучыя наступствы за межамі Расіі і Украіны, улічваючы шматлікія злачынствы, учыненыя членамі гэтай арганізацыі не толькі ва Украіне, але і ва ўсіх краінах, дзе яна дзейнічае, – у Сірыі, Лівіі, ЦАР, Малі і Судане.
Поруч з магутным расійскім прапагандысцкім апаратам, які ўвесь час распаўсюджвае хлусню па ўсім свеце, “Вагнер” выкарыстоўваўся рэжымам Пуціна як прывілеяваны інструмент для дэстабілізацыі краін, асабліва ў Афрыцы, з вельмі негатыўнымі наступствамі для мясцовага насельніцтва, а таксама для інтарэсаў ЕС. Сам Прыгожын прызнаў, што дзеянні “Вагнера” ў Афрыцы фінансаваліся Крамлём. Аднак у гэтых краінах Расія ці наўрад зможа замяніць гэтыя псеўда-"прыватныя" апалчэнні рэгулярнымі сіламі. Мы ўважліва сочым за развіццём падзей у Афрыцы і заклікаем лідэраў перастаць спадзявацца на гэтых незаконных наймітаў.
“Мы ўважліва сочым за развіццём падзей у Афрыцы і заклікаем лідэраў перастаць спадзявацца на гэтых незаконных наймітаў.”
Яшчэ занадта рана ацэньваць усе наступствы мецяжу Прыгожына, але ўжо зараз зразумела, што яны будуць значнымі і негатыўнымі для пуцінскага рэжыму. Мы будзем выкарыстоўваць гэты імпульс, каб павялічыць нашу падтрымку Украіне. Да канца года мы плануем падрыхтаваць 30 000 украінскіх салдат, таксама мы прынялі рашэнне аб павелічэнні Еўрапейскага фонду міру (EPF) на 3,5 мільярда еўра, каб даць Украіне больш такой неабходнай зброі для абароны ад дзеянняў Расіі.
MORE FROM THE BLOG
“A Window on the World” – by HR/VP Josep Borrell
Blog by Josep Borrell on his activities and European foreign policy. You can also find here interviews, op-eds, selected speeches and videos.