This isn't an official website of the European Union

Сусветны дзень свабоды друку: Заява Высокага прадстаўніка ЕС ад імя Еўрапейскага саюза

03.05.2024
Брусэль
EEAS Press Team

Кожны дзень журналісты і работнікі СМІ адважна ажыццяўляюць сваё права на свабоду выражэння, часта з вялікай рызыкай для сябе. Незалежная, заснаваная на фактах журналістыка дапамагае абараняць нашы дэмакратыі, выкрываючы выпадкі несправядлівасці, забяспечваючы падсправаздачнасць лідэраў і дазваляючы грамадзянам прымаць інфармаваныя рашэнні.

У 2024 годзе, калі выбары пройдуць больш як у 60 краінах, праца журналістаў асабліва важная. У Сусветны дзень свабоды друку мы аддаем належнае іх працы ды іх мужнасці.

Як нашы вочы і вушы на месцы падзей журналісты павінны быць абаронены заўсёды і ўсюды. ЕС рашуча асуджае любыя праявы гвалту, у тым ліку пагрозы, у дачыненні да журналістаў, якія ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць, незалежна ад таго, дапускаюцца такія праявы дзяржавамі, арганізаванымі групамі ці асобамі. Такія злачынствы не павінны заставацца беспакаранымі, дзе б яны ні адбываліся.

Журналісты і работнікі СМІ, якія асвятляюць узброеныя канфлікты, павінны быць абаронены ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам. З глыбокім шкадаваннем ЕС адзначае рэзкае павелічэнне колькасці журналістаў, забітых ці параненых падчас асвятлення разбуральных наступстваў войнаў. Вельмі шмат журналістаў загінула за апошнія месяцы, паведамляючы нам навіны з Газы. Журналісты па-ранейшаму штодня рызыкуюць сабой, асвятляючы агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, а таксама канфлікты ў М'янме, Судане ды іншых краінах.

ЕС выказвае сур'ёзную заклапочанасць практыкай адмовы незалежным СМІ ў доступе ў зоны канфліктаў як спосабам кантролю інфармацыйнай прасторы і абмежавання доступу грамадскасці да аб'ектыўнага асвятлення падзей, заснаванага на фактах.

Ва ўсім свеце незалежныя СМІ сутыкаюцца з пагрозамі свайму існаванню. Сёння мы павінны дзейнічаць больш рашуча, чым калісьці раней, каб СМІ маглі працаваць ва ўстойлівых палітычных, эканамічных і прававых умовах. У сябе дома ЕС зрабіў значны крок у гэтым напрамку, прыняўшы Еўрапейскі закон аб свабодзе СМІ. Гэты знакавы акт заканадаўства накіраваны на ўмацаванне рэдакцыйнай свабоды, абарону журналісцкіх крыніц інфармацыі і павышэнне празрыстасці валодання сродкамі масавай інфармацыі ў ЕС.

Еўрапейскі саюз захоўвае цвёрды намер абараняць свабоду СМІ і плюралізм ва ўсім свеце. Абараняючы свабоду СМІ, мы абараняем не толькі наша права ведаць, але і нашу здольнасць будаваць сваю будучыню на грунце на праўды і падсправаздачнасці.