This isn't an official website of the European Union

Супольнае камюніке пра агульныя параметры міру, прынятыя на Саміце міру ва Украіне

18.06.2024

Вайна Расіі супраць Украіны працягвае прычыняць велізарныя чалавечыя пакуты і разбурэнні, ствараць рызыкі і крызісы з глабальнымі наступствамі. 15-16 чэрвеня 2024 года мы сабраліся ў Швейцарыі, каб паглыбіць дыялог на высокім узроўні пра шляхі дасягнення ўсёабдымнага, справядлівага і сталага міру для Украіны. Мы зноў пацвердзілі палажэнні прынятых Генеральнай Асамблеяй ААН рэзалюцый A/RES/ES-11/1 і A/RES/ES-11/6 і падкрэслілі сваю адданасць захаванню норм міжнароднага права, у тым ліку Статута ААН.

Гэты саміт стаў працягам папярэдніх абмеркаванняў, у аснове якіх была Формула міру Украіны ды іншыя мірныя прапановы, якія адпавядаюць міжнароднаму праву, у тым ліку Статуту ААН.

Мы глыбока цэнім гасціннасць Швейцарыі ды яе ініцыятыву прыняць у сябе Саміт высокага ўзроўню як праяву яе цвёрдай гатоўнасці садзейнічаць міжнароднаму міру і бяспецы.

Мы правялі плённы, усебаковы і канструктыўны абмен меркаваннямі пра шляхі выпрацоўкі асноўных параметраў усеабдымнага, справядлівага і сталага міру на аснове міжнароднага права, у тым ліку Статута ААН. У прыватнасці, мы зноў заяўляем пра сваю цвёрдую адданасць устрымліванню ад прымянення сілы або пагроз яе выкарыстання супраць тэрытарыяльнай цэласнасці ды палітычнай незалежнасці любой дзяржавы, а таксама пра сваю адданасць такім прынцыпам міжнароднага права, як суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць усіх дзяржаў, у тым ліку Украіны, у іх міжнародна прызнаных межах, у тым ліку межах тэрытарыяльных вод, а таксама выступаем за вырашэнне рознагалоссяў мірным шляхам.

Акрамя таго, мы маем агульнае бачанне што да наступных найважнейшых пытанняў:

1. Па-першае, любое выкарыстанне атамнай энергіі ды ўстановак павінна быць бяспечным, абароненым, і экалагічна рацыянальным. Украінскія атамныя электрастанцыі ды ўстаноўкі, у тым ліку Запарожская АЭС, павінны працаваць надзейна і бяспечна пад поўным суверэнным кантролем Украіны, у адпаведнасці з прынцыпамі МАГАТЭ і пад яго наглядам.

Ужыванне ядзернай зброі ці пагрозы яе выкарыстання ў кантэксце бягучай вайны супраць Украіны непрымальныя.

2. Па-другое, сусветная харчовая бяспека залежыць ад бесперабойнай вытворчасці і паставак прадуктаў харчавання. У гэтай сувязі найважнейшае значэнне маюць свабодная, бесперашкодная і бяспечная камерцыйная навігацыя і доступ да чарнаморскіх і азоўскіх партоў. Напады на гандлёвыя судны ў партах і па ўсім маршруце іх следавання, а таксама на грамадзянскія парты і іх інфраструктуру, непрымальныя.

Харчовая бяспека не павінна выкарыстоўвацца ў якасці зброі ніякім чынам. Украінская сельскагаспадарчая прадукцыя павінна пастаўляцца ў зацікаўленыя ў ёй трэція краіны бяспечна і свабодна.

3. Па-трэцяе, усе ваеннапалонныя павінны быць вызваленыя праз поўны абмен. Усе дэпартаваныя або незаконна перамешчаныя ўкраінскія дзеці ды іншыя незаконна затрыманыя ўкраінскія грамадзянскія асобы павінны быць вернуты ва Украіну.

Мы лічым, што для дасягнення міру неабходны ўдзел усіх бакоў і дыялог паміж імі. Таму мы вырашылі ў будучыні рабіць канкрэтныя крокі ў вышэйназваных сферах пры ўдзеле прадстаўнікоў усіх бакоў.

Статут ААН, у тым ліку прынцыпы захавання тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту ўсіх дзяржаў, можа і будзе служыць асновай для ўстанаўлення ўсеабдымнага, справядлівага і сталага міру ва Украіне.