Савет па замежных справах: заявы для прэсы, зробленыя Высокім прадстаўніком Жазэпам Барэлем, пасля сустрэчы (вытрымкі)
Дзякуй усім вам за чаканне. [Сустрэча] скончылася крыху пазней.
У любым выпадку Савет [абмеркаваў] важныя тэмы, з удзелам важных гасцей і з дасягненнем важных вынікаў, калі можна так сказаць.
Спачатку да нас далучыўся Дзяржсакратар ЗША [Энтані] Блінкен. Мы абмеркавалі з ім шэраг тэм у рэжыме відэаканферэнцыі.
Я думаю, што гэты абмен думкамі прадэманстраваў, што ў абедзвюх частках Атлантыкі – ЕС і ЗША – мы цвёрда адданыя ўмацаванню гэтай трансатлантычнай каардынацыі.
Нам патрэбны тэрміновыя дзеянні ва Украіне, як тут, так і ў ЗША. Пасля гэтага мы выслухалі Дзмітрыя Кулебу [міністра замежных спраў Украіны], [і] нам зразумела, што дзейнічаць неабходна тэрмінова. Калі мы хочам працягваць аказваць падтрымку Украіне, дзеянні павінны быць тэрміновымі, і абодва бакі павінны паскорыць прыняццё рашэння па гэтым пытанні.
На Блізкім Усходзе разам мы можам дамагчыся большага – у прыватнасці адносна сітуацыі ў сектары Газа і дасягненні трывалага міру на аснове рашэння, якое прадугледжвае суіснаванне двух дзяржаў. Мы можам дамагчыся большага, працуючы разам, каб шукаць рашэнні для Газы і прасоўваць ідэю дзвюх дзяржаў.
І для Украіны, і для Блізкага Усходу трансатлантычнае адзінства мае важнае значэнне - калі мы хочам супрацьстаяць гэтым выклікам.
[…] Дзмітрый Кулеба, міністр замежных спраў Украіны […] праінфармаваў нас аб сітуацыі на месцах, у прыватнасці, у ваеннай сферы, аб бягучым становішчы спраў ва Украіне і прыярытэтах.
У гэтым кантэксце тэрміновай неабходнасці падтрымкі ўкраінскіх узброеных сіл Савет - Міністры - прыняў два важныя рашэнні:
Па-першае, мы заснавалі Украінскі фонд дапамогі ў рамках Еўрапейскага фонду міру, вылучыўшы яшчэ 5 мільярдаў эўра. Гэта дадасць прадказальнасці нашай ваеннай падтрымцы, якая па-ранейшаму арыентуецца на патрэбы Украіны.
Гэта дазволіць нам: ажыццяўляць пастаўкі з [існуючых] запасаў, ажыццяўляць двухбаковыя закупкі, пастаўкі на аснове сумесных закупак і навучанне ў рамках нашай ваеннай місіі [EUMAM Украіна], якая была адной з самых паспяховых навучальных місій Еўрапейскага саюза.
Па-другое, мы пагадзіліся накласці санкцыі на вінаватых у забойстве Аляксея Навальнага – [больш за] 30 фізічных і юрыдычных асоб – у рамках глабальнага рэжыму санкцый ЕС у галіне правоў чалавека.
Мы таксама абмеркавалі пытанне замарожаных актываў. Давайце ўнясем зразумеласць: гаворка ідзе пра даходы. Гаворка ідзе пра непрадбачаны прыбытак. Гаворка не ідзе пра капітал. Гаворка ідзе пра даходы ад гэтага капіталу, якія былі надзвычайнымі. Гэта тое, што мы вырашылі адкласці. Цяпер пытанне ў тым, каб узяць гэта і выкарыстоўваць на карысць Украіны.
Я абмяркоўваў гэта з міністрамі, мы абмяркоўвалі гэта некалькі месяцаў. У канцы абмеркавання я сказаў міністрам: "Паслухайце, мы павінны прыняць рашэнне на аснове канкрэтнай прапановы, рашэння Савета, юрыдычнага тэкста, які толькі Высокі прадстаўнік можа ўнесці ў Савет". [Я сказаў ім], што, як заўсёды, кожны раз, калі ўводзіцца абмежавальная мера, а гэта абмежавальная мера, якая прымаецца ў рамках Агульнай знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі, яна будзе суправаджацца сумесным рэгламентам Высокага прадстаўніка і [Еўрапейскай] камісіі.
[…]
Затым мы абмяняліся меркаваннямі наконт прэзідэнцкіх "выбараў" у Расіі – вы бачылі Заяву ЕС27 з гэтай нагоды. Гэтыя так званыя выбары праходзілі ва ўмовах крайніх абмежаванняў, выбаршчыкі былі пазбаўлены рэальнага выбару і падвяргаліся сістэматычным унутраным рэпрэсіям.
Не было місіі па назіранні за выбарамі: канешне, не было такой місіі з нашага боку, але не было нават назіральнікаў АБСЕ. Такім чынам, мы можам толькі лічыць, што гэтыя выбары праходзілі ва ўмовах сістэматычных рэпрэсій у адносінах да выбаршчыкаў. І мы павінны асудзіць незаконнае правядзенне гэтых так званых выбараў на часова акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.
Мы абмеркавалі стан спраў у Беларусі і ўнутраную сітуацыю, якая пастаянна пагаршаецца. Беларусь па-ранейшаму займае высокае месца ў нашым парадку дня.
Парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў беларускага народа працягваюцца. У краіне больш за 1400 палітычных зняволеных. Мы просім іх вызваліць і прымем далейшыя меры ў адпаведнасці з прапановай дзяржаў-членаў працягваць падтрымку беларускай апазіцыі.
Затым мы перайшлі да сітуацыі на Блізкім Усходзе ў цэлым і ў сектары Газа ў прыватнасці.
Сёння Сусветная харчовая праграма апублікавала даклад аб сітуацыі ў сектары Газа. У дакладзе гаворыцца, што аўтары ніколі не бачылі такой сітуацыі голаду, як тая, што склалася для людзей у сектары Газа. 70 працэнтаў насельніцтва знаходзіцца пад пагрозай знясілення ад голаду, а 100 працэнтаў – амаль усе – адчуваюць надзвычайны харчовы стрэс.
[…]
Спасылка на відэа: https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-254137