Расія: праз два гады пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай вайны супраць Украіны ЕС прыняў 13-ты пакет індывідуальных і эканамічных санкцый
Савет прыняў сёння, напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, трынаццаты пакет абмежавальных мер супраць пуцінскага рэжыму, тых, хто нясе адказнасць за працяг яго незаконнай, несправакаванай і неапраўданай агрэсіўнай вайны, а таксама супраць тых, хто аказвае ёй істотную падтрымку.
Набліжаецца сумная дата – два гады з моманту, як Уладзімір Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, і Еўрапейскі cаюз працягвае аказваць ціск на Расію. Сёння мы яшчэ больш узмацняем жорсткасць абмежавальных мер супраць расійскага ваеннага і абароннага сектара, уводзячы санкцыі супраць яшчэ большай колькасці юрыдычных асоб у трэціх краінах, якія пастаўляюць ваеннае абсталяванне, а таксама супраць тых, хто нясе адказнасць за незаконную дэпартацыю і ваеннае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей. Мы захоўваем адзінства ў сваёй рашучасці спыніць ваенную машыну Расіі і дапамагчы Украіне выйграць у яе легітымнай барацьбе ў мэтах самаабароны, а таксама аднавіць яе незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт.
- Жазэп Барэль, Высокі Прадстаўнік ЕС
Індывідуальныя санкцыі
Савет вырашыў увесці абмежавальныя меры ў дачыненні да яшчэ 106 фізічных і 88 юрыдычных асоб, адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны.
Уведзеныя сёння індывідуальныя санкцыі накіраваны ў першую чаргу супраць ваеннага і абарончага сектараў і звязаных з імі асоб, у тым ліку тых, хто мае дачыненне да паставак узбраенняў з КНДР у Расію, а таксама супраць прадстаўнікоў судовай улады, мясцовых палітыкаў і асоб, адказных за незаконную дэпартацыю і ваеннае перавыхаванне ўкраінскіх дзяцей.
Увогуле абмежавальныя меры ЕС у сувязі з дзеяннямі, якія падрываюць ці пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны, цяпер распаўсюджваюцца на больш за 2000 фізічных і юрыдычных асоб.
Актывы названых асоб замарожваюцца, а грамадзянам і кампаніям з ЕС забаронена даваць ім сродкі. На фізічных асоб таксама распаўсюджваецца забарона на паездкі, якая не дазваляе ім уязджаць на тэрыторыю ЕС альбо рухацца праз яе транзітам.
Імпартна-экспартны кантроль і абмежаванні
Савет унёс 27 юрыдычных асоб у спіс тых, хто непасрэдна падтрымлівае ваенна-прамысловы комплекс Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны. На іх будуць распаўсюджвацца больш жорсткія экспартныя абмежаванні адносна тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць садзейнічаць тэхналагічнаму развіццю расійскага сектара абароны і бяспекі. Некаторыя з гэтых юрыдычных асоб знаходзяцца ў трэціх краінах (Індыя, Шры-Ланка, Кітай, Сербія, Казахстан, Тайланд і Турцыя), яны ўцягнуты ў абыход гандлёвых абмежаванняў; іншыя з'яўляюцца расійскімі юрыдычнымі асобамі, якія ўдзельнічаюць у распрацоўцы, вытворчасці і пастаўках электронных кампанентаў для ваенна-прамысловага комплексу Расіі.
Акрамя таго, у адпаведнасці з сённяшнім рашэннем пашыраецца спіс забароненых тавараў, якія могуць садзейнічаць тэхналагічнаму развіццю расійскага сектара абароны і бяспекі, у яго дабаўлены кампаненты для распрацоўкі і вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА).
Нарэшце, ЕС увёў дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў, якія, у прыватнасці, садзейнічаюць развіццю расійскага прамысловага патэнцыялу, такіх як электрычныя трансфарматары.
Жалеза і сталь
У адпаведнасці з сённяшнім рашэннем Вялікабрытанія ўключана ў спіс краін-партнёраў, якія прымяняюць комплекс абмежавальных мер адносна імпарту жалеза і сталі з Расіі, а таксама комплекс мер па кантролі за імпартам, якія па сутнасці эквівалентныя мерам ЕС.
Адпаведныя прававыя акты неўзабаве будуць апублікаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС.
Гісторыя пытання
14 і 15 снежня 2023 года Еўрапейскі савет прыняў высновы, у якіх ён зноў рашуча асудзіў агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны, якая ўяўляе сабой відавочнае парушэнне Статута ААН, і пацвердзіў, што ЕС непахісна падтрымлівае незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і яе неад'емнае права на самаабарону ва ўмовах расейскай агрэсіі.
Еўрапейскі савет таксама заявіў, што неабходна і далей аслабляць здольнасць Расіі весці агрэсіўную вайну, у тым ліку шляхам далейшага ўзмацнення санкцый, іх паўнацэннага і эфектыўнага прымянення і прадухілення іх абыходу, асабліва адносна тавараў высокай рызыкі, у шчыльным супрацоўніцтве з партнёрамі і саюзнікамі.
12 лютага 2024 года Савет прыняў рашэнне і рэгламент, што ўдакладняюць абавязацельствы цэнтральных дэпазітарыяў, якія захоўваюць актывы і рэзервы Цэнтральнага банка Расіі (ЦБ РФ), імабілізаваныя ў выніку ўвядзення абмежавальных мер ЕС.