This isn't an official website of the European Union

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту: Заява Высокага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля

27.01.2023 EEAS Press Team

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека нарадзілася з попелу Халакосту, каб даць кожнаму чалавеку правы і свабоды, якія паўсюдна абараняліся б усімі дзяржавамі. Каб варварскія ўчынкі, здзейсненыя падчас Халакосту, што назаўжды заплямілі сумленне чалавецтва, не паўтарыліся.

Але за мінулы год некалькі з апошніх сведкаў-ахвяраў Халакосту загінулі ў ходзе агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, як і незлічоныя ахвяры шматлікіх ваенных злачынстваў, учыненых зусім побач з Еўрапейскім саюзам.

Прыма Леві, які выжыў у Асвенцыме, пісаў: «Мы не можам зразумець фашызм, але мы можам і павінны зразумець, з чаго ён вынікае, і мы павінны быць напагатове... Таму што тое, што адбылося, можа паўтарыцца... З гэтай прычыны абавязак кожнага – зрабіць высновы з таго, што адбылося.” Адзіны спосаб прадухіліць будучыя злачынствы - гэта зрабіць так, каб мінулыя злачынствы ды іх ахвяры ніколі не былі забытыя.

Усе формы адмаўлення, скажэння і баналізацыі Халакосту, у тым ліку выкарыстанне Халакосту ў мэтах ваеннай прапаганды, супярэчаць заканадаўству ЕС і ўніверсальным каштоўнасцям. Галоўным інструментам прадухілення такіх дзеянняў застаецца адукацыя.

У адпаведнасці са Стратэгіяй ЕС па барацьбе з антысемітызмам, Еўрапейскі саюз будзе па-ранейшаму працаваць у Еўропе і па-за яе межамі дзеля барацьбы з адмаўленнем Халакосту і антысемітызмам, а таксама дзеля свабоды веравызнання і сумлення для ўсіх.

Еўрапейскі саюз заклікае краіны ўсяго свету зрабіць рашучыя крокі па распрацоўцы адукацыйных праграм пра Халакос.

Сёлета, калі свет адзначае 75-ю гадавіну Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Канвенцыі аб прадухіленні злачынства генацыду і пакаранні за яго, мы павінны падвоіць нашыя калектыўныя намаганні для забеспячэння і абароны правоў чалавека для ўсіх.

У 2023 годзе яшчэ больш выразна, чым раней, у нашай свядомасці павінны гучаць два словы: "Ніколі больш.”

Nabila Massrali
Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0) 2 29 88093
+32 (0) 460 79 52 44
Gioia Franchellucci
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy
+32 229-68041