Еўрапейскі і Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання: Сумесная заява Высокага прадстаўніка ЕС і Генеральнага сакратара Савета Еўропы
Смяротнае пакаранне з'яўляецца бесчалавечым або зневажальным для годнасці абыходжаннем або пакараннем, якое ўяўляе сабой крайняе адмаўленне чалавечай годнасці.
З нагоды Еўрапейскага і Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы зноў рашуча заяўляюць аб сваім безумоўным непрыманні смяротнага пакарання ці яго паўторнага ўвядзення ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах.
Мы вітаем падтрымку адмены смяротнага пакарання, якая расце ва ўсім свеце. Больш за дзве траціны ўсіх краін адмянілі смяротную кару заканадаўча або на практыцы. У мінулым годзе колькасць краін, у якіх прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, была найменшай за ўсю гісторыю чалавецтва.
Нягледзячы на тэндэнцыю адмены смяротнага пакарання, у шэрагу краін яго па-ранейшаму прымяняюць. Пяць краін з найбольшай колькасцю пакаранняў смерцю ў 2023 годзе - гэта Кітай, Іран, Саудаўская Аравія, Самалі і Злучаныя Штаты Амерыкі. Паводле паведамленняў, на Іран прыйшлося 74% усіх вядомых пакаранняў смерцю. Вялікую заклапочанасць выклікае выкарыстанне азотнай гіпаксіі - спрэчнага метада пакарання – у Злучаных Штатах Амерыкі. Беларусь - адзіная краіна на еўрапейскім кантыненце, у якой да гэтага часу прымяняецца смяротная кара.
Мы заклікаем тыя нешматлікія дзяржавы, у якіх смяротныя прысуды ўсё яшчэ ажыццяўляюцца, увесці мараторый у якасці першага кроку да поўнай адмены.
Прыхільнікі смяротнага пакарання часта засноўваюць сваю аргументацыю на тым, што яно стрымлівае злачыннасць. Аднак факты ясна дэманструюць, што смяротнае пакаранне мае ці практычна нулявы, ці нулявы ўплыў як фактар стрымлівання або зніжэння злачыннасці. Смяротнае пакаранне не робіць грамадства больш бяспечным. Больш за тое, смяротнае пакаранне робіць судовыя памылкі незваротнымі.
Савет Еўропы і ЕС адданыя справе ўмацавання супрацоўніцтва дзеля супрацьстаяння наратывам, якія прапагандуюць паўторнае ўвядзенне смяротнага пакарання, у тым ліку ў Еўропе, і садзейнічання адкрытаму і дэмакратычнаму абмеркаванню, накіраванаму на поўную адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце. Мы маем намер падтрымліваць усе намаганні па забеспячэнні доступу да інфармацыі, што тычыцца прымянення смяротнага пакарання, і ўмацоўваць узаемадзеянне з моладдзю і грамадзянскай супольнасцю.
Смяротнае пакаранне - гэта перажытак мінулага, якому не павінна быць месца ў XXI стагоддзі. Яно павінна быць адменена сёння.