This isn't an official website of the European Union

ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да эканомікі Беларусі

24.06.2021

Савет сёння ўвёў новыя абмежавальныя меры супраць беларускага рэжыму ў адказ на эскалацыю сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і гвалтоўныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на прымусовую пасадку самалёта Ryanair у Мінску 23 мая 2021 года і звязанае з гэтым затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі.

Новыя адрасныя эканамічныя санкцыі ўключаюць забарону на прамы альбо ўскосны продаж, пастаўку, перадачу альбо экспарт каму-небудзь у Беларусі абсталявання, тэхналогій альбо праграмнага забеспячэння, прызначаных у першую чаргу для выкарыстання ў маніторынгу альбо перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі, а таксама тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння для выкарыстання ў ваенных мэтах і для названых асоб, арганізацый альбо органаў у Беларусі. Гандаль нафтапрадуктамі, хларыдам калія («каліем») і таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці альбо вырабу тытунёвых вырабаў, абмежаваны. Акрамя таго, доступ да рынкаў капіталу ЕС абмежаваны, а прадастаўленне паслуг страхавання і перастрахавання беларускаму ураду і беларускім дзяржаўным органам і ведамствам забаронена. Нарэшце, Еўрапейскі інвестыцыйны банк спыніць любыя выплаты альбо плацяжы ў адпаведнасці з любымі існуючымі дамовамі ў адносінах да праектаў у дзяржаўным сектары і любымі існуючымі сервіснымі кантрактамі тэхнічнай дапамогі. Дзяржавы-члены таксама павінны будуць прыняць меры па абмежаванні ўдзелу Беларусі ў дзейнасці шматбаковых банкаў развіцця, членамі якіх яны з'яўляюцца.

Сённяшняе рашэнне ў поўным аб'ёме рэалізуе Заключэнні Еўрапейскага савета ад 24 і 25 мая 2021, у якіх кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў ЕС заклікалі Савет забараніць пралёты паветранай прасторы ЕС беларускімі авіякампаніямі і закрыць доступ у аэрапорты ЕС для рэйсаў, якія выконваюцца такімі авіякампаніямі, і прыняць неабходныя меры, уключаючы прыняцце дадатковых спісаў фізічных і юрыдычных асоб на аснове адпаведных санкцыйных механізмаў, а таксама прыняць далейшыя адрасныя эканамічныя санкцыі. Усе гэтыя меры ўжо прыняты.

З кастрычніка 2020 года ЕС паступова ўводзіць абмежавальныя меры супраць Беларусі. Гэтыя меры былі прыняты ў адказ на фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў краіне ў жніўні 2020 года, а таксама на запалохванне і гвалтоўныя рэпрэсіі мірных пратэстоўцаў, прадстаўнікоў апазіцыі і журналістаў. У цяперашні час у дачыненні да 166 фізічных і 15 юрыдычных асоб дзейнічаюць абмежавальныя меры, якія ўключаюць замарожванне актываў, як фізічных, так і юрыдычных асоб, і забарону на паездкі фізічных асоб.


Глядзіце таксама