ЕС працягвае выступаць за свабодную і дэмакратычную Беларусь
9 жніўня 2020 года беларусы прыйшлі на выбары з надзеяй на дэмакратычныя перамены. Святлана Ціханоўская актывізавала апазіцыю, уступіўшы ў бойку пасля таго, як яе мужа, вядомага блогера, пасадзілі за краты, каб не дапусціць яго вылучэння. Нягледзячы на мноства доказаў фальсіфікацый выбараў, Лукашэнка абвясціў непраўдападобную перамогу ў 80%. ЕС не прызнаў гэтыя вынікі; выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.
У наступныя дні гэта відавочнае махлярства выклікала масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі. На вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Рэжым Лукашэнкі адказаў жорсткім разгонам. З 9 па 12 жніўня 2020 года ў Мінску міліцыя затрымала амаль 7 тысяч удзельнікаў акцый пратэсту і выпадковых мінакоў, утрымліваючы іх у бесчалавечных і зневажальных умовах. І праз чатыры гады палітвязнямі усё яшчэ застаюцца каля 1400 чалавек. Спадарыня Ціханоўская, як і тысячы іншых беларусаў, трапіла ў выгнанне. Яна стала сімвалам беларускага супраціву і тварам дэмакратычнага руху за мяжой.
Рэпрэсіі лета 2020 года знішчылі не толькі надзеі хуткія на змены ў Беларусі. Яны таксама паставілі краіну на шлях усё большай ізаляцыі і ўсё большай залежнасці ад Расіі. Дзеля ўтрымання ва ўладзе Лукашэнка паступова аддаваў ідэнтычнасць і суверэнітэт Беларусі Пуціну.
Самы яскравы прыклад — люты 2022 года, калі Лукашэнка дазволіў расійскім войскам выкарыстаць тэрыторыю Беларусі ў якасці стартавай пляцоўкі для ўварвання ва Украіну. Яго рэжым таксама спрыяў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з кантраляваных Расіяй тэрыторый Украіны, арганізоўваючы для іх «летнія лагеры», дзе яны падвяргаюцца ідэалагічнай і ваеннай індактрынацыі. Усё гэта зрабіла Лукашэнку саўдзельнікам незаконнай захопніцкай вайны Пуціна.
Працягваючы эскалацыю напружанасці ў адносінах са сваімі заходнімі суседзямі, Лукашэнка пагадзіўся размясціць расійскую нестратэгічную ядзерную зброю ў Беларусі і абмяркоўваў аператыўныя планы ўварвання ў так званы Сувалкскі калідор працягласцю каля 70 кіламетраў уздоўж літоўска-польскай мяжы. Гэтыя заявы з'яўляюцца часткай стратэгіі распаўсюджвання дэзінфармацыі і навядзення страху на Захадзе.
Пачынаючы з 2021 года межы ЕС сталі аб'ектам гібрыдных нападаў. Рэжым Лукашэнкі заахвочваў мігрантаў і бежанцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі прыязджаць у Беларусь, каб выціснуць іх да межаў Польшчы, Літвы і Латвіі.
Гэтыя гібрыдныя атакі прымусілі суседнія дзяржавы ЕС узмацніць ахову пунктаў перасячэння мяжы, што ўскладніла мабільнасць для грамадзян Беларусі. Лукашэнка вядзе больш шырокую кампанію, каб перашкодзіць кантактам з Захадам. Для тых, хто хоча вучыцца за мяжой, ствараюцца адміністрацыйныя перашкоды, і з верасня 2023 года беларусы не могуць аднавіць пашпарты ў беларускіх консульствах у ЕС і іншых краінах.
Гэта супадае з усё большай інтэграцыяй Беларусі ў расійскую інфармацыйную сфэру. Прапагандуецца расійская дзяржаўная ідэалогія «Русского мира», а альтэрнатыўныя галасы падаўляюцца. Нават выкарыстанне беларускай мовы - дзяржаўнай разам з рускай - усё больш абмяжоўваецца і не заахвочваецца.
Цяперашняе цяжкае становішча Беларусі служыць страшным папярэджаннем для Украіны і іншых суседніх з Расіяй дзяржаў. Бачанне Уладзіміра Пуціна для Украіны адпавядае таму, што ён спрабуе дасягнуць у Беларусі: узгадненне з расійскімі інтарэсамі, падаўленне грамадзянскай супольнасці і выкараненне дэмакратычных памкненняў. Жорсткая барацьба ўкраінскага народа за захаванне суверэнітэту знаходзіць глыбокі водгук у шматлікіх беларусаў, якія бачаць адпаведнасць сваіх уласных памкненняў.
Нягледзячы на рэпрэсіі, народ Беларусі працягвае прымаць меры па аднаўленні сваёй свабоды і дэмакратычнай будучыні сваёй краіны, часта з вялікай асабістай рызыкай. Палітвязні і іх сем'і працягваюць плаціць самую высокую цану.
Сённяшняя чацвёртая гадавіна фальсіфікаваных выбараў служыць напамінам аб іх велізарнай мужнасці, а таксама заклікам да дзеяння для міжнароднай супольнасці. ЕС увёў кропкавыя санкцыі. Сярод іх забарона на ўезд і замарожванне актываў 261 асобы і 37 арганізацый, адказных за рэпрэсіі і падтрымку вайны Расіі супраць Украіны. ЕС таксама абмежаваў доступ Беларусі на рынкі капіталу ЕС і гандаль.
Адначасова мы аказваем фінансавую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і дэмакратычнай апазіцыі. Летась я стварыў спецыяльную кансультатыўную групу. Мы рэгулярна сустракаемся з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, каб лепш зразумець іх патрэбы і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца як унутры краіны, так і за яе межамі.
Імкненне беларускага народа да лепшай будучыні, якое так яскрава выявілася чатыры гады таму, не будзе забыта. Мы працягнем падтрымліваць усе намаганні для свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
MORE FROM THE BLOG
“A Window on the World” – by HR/VP Josep Borrell
Blog by Josep Borrell on his activities and European foreign policy. You can also find here interviews, op-eds, selected speeches and videos.