This isn't an official website of the European Union

Вайна Расіі супраць Украіны: дзе мы знаходзімся і чаго можна чакаць у будучыні?

Блог Высокага прадстаўніка ЕС. Вайна супраць Украіны ідзе ўжо два месяцы, і складана сказаць, калі яна скончыцца, а апошнія дзеянні Расіі кажуць нават аб узмацненні баявых дзеянняў. Расейскае кіраўніцтва павінна спыніць агрэсію і змяніць абраны ім непрымальны шлях: дзеля Украіны, Расіі, Еўропы і ўсяго свету.

З пачатку гэтай вайны, з 24 лютага, стала зразумела, што чатыры прагнозы Расіі аказаліся відавочна памылковымі: што ўкраінскі ўрад падзе, а расійскія войскі хутка возьмуць Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады; што Еўрапейскаму саюзу будзе цяжка праявіць рашучасць і адказаць на гэтую агрэсію; што "заходні свет" будзе расколаты і няўпэўнены ў сваёй рэакцыі; і што шырокая міжнародная супольнасць не асудзіць уварванне Расіі.

Вяха ў кансалідацыі Украіны як суверэннай дзяржавы

Украінскі ўрад з'яднаў увесь народ на барацьбу з захопнікамі і арганізаваў жорсткае супраціўленне, паставіўшы расійскія войскі ў вельмі цяжкае становішча і адкінуўшы іх назад. Насуперак чаканням прэзідэнта Пуціна, гэтая вайна прывядзе да кансалідацыі Украіны як суверэннай дзяржавы і да ўмацавання яе ідэнтычнасці, адрознай ад расійскай. Менавіта гэтае пачуццё я адчуў падчас сустрэчы з прэзідэнтам Зяленскім і ўкраінскім кіраўніцтвам у Кіеве.

Еўрапейскі саюз адрэагаваў хутка і рашуча, аказаўшы падтрымку ўкраінскаму ўраду. Ён прыняў самыя жорсткія санкцыі за ўсю гісторыю і, паколькі вайна працягваецца, уводзіць усё новыя абмежаванні. ЕС аказвае Украіне значную фінансавую і гуманітарную дапамогу і ўдзельнічае ў фінансаванні ваеннай тэхнікі, якая прадастаўляецца краінамі-членамі. На сённяшні дзень дзяржавы ЕС прынялі каля пяці мільёнаў бежанцаў, і межы гэтых краін застануцца адкрытымі для ўсіх, хто ратуецца ад канфлікту. Мы ўмацоўваем нашы здольнасці пераадольваць цяжкасці і пазбаўляемся ад энергетычнай залежнасці значна хутчэй, чым хто-небудзь мог сабе ўявіць. ЕС узмацніў свае пазіцыі як міжнародны гулец, і можна нават казаць аб нараджэнні геапалітычнага Саюза.

«ЕС узмацніў свае пазіцыі як міжнародны гулец, і можна нават казаць аб нараджэнні геапалітычнага Саюза».

ЕС разам з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай, Японіяй і іншымі партнёрамі і саюзнікамі-аднадумцамі выступае за міжнародную абарону Украіны. Зваротныя меры каардынаваліся з самага першага дня і нават раней, паколькі дадзеныя выведкі перадаваліся ў беспрэцэдэнтных маштабах, каб мы былі дасведчаныя і падрыхтаваныя. Мы шмат разоў папярэджвалі аб тым, якой будзе наша рэакцыя, каб прадухіліць расейскае ўварванне, і далі грунтоўны адказ на расейскія патрабаванні бяспекі, спадзяючыся, што пасля гэтага пачнуцца сапраўдныя перамовы. Забяспечваючы бяспеку самых блізкіх да зоны канфлікту саюзнікаў з дапамогай прэвентыўнага разгортвання сіл, асцярожная – і ў той жа час цвёрдая – рэакцыя НАТА дае выразны сігнал: альянс не пахіснеццпа, калі яму трэба будзе абараніць сябе, але ў яго няма ніякіх наступальных планаў у дачыненні да Расіі.

Нарэшце, міжнародная супольнасць ужо тройчы ў рамках Генеральнай Асамблеі ААН выразна дала зразумець, што асуджае ўварванне, якое супярэчыць асноўным прынцыпам міжнароднага суіснавання, адлюстраваным у самім Статуце ААН, такім як роўны суверэнітэт дзяржаў, мірнае вырашэнне канфліктаў і забарона прымяняць сілу ў міжнародных адносінах. Большасць краін ва ўсіх рэгіёнах свету ведаюць, што на карту пастаўлена абарона слабейшых дзяржаў ад мацнейшых, чыімі ахвярамі яны могуць стаць. Гэта асноўныя прынцыпы нашага міжнароднага парадку, якія Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш абавязкова падкрэсліць падчас візіту ў Расію і Украіну на гэтым тыдні.

«Абарона Украіны ад уварвання Расіі азначае адмову ад закона джунгляў, ад уяўлення аб тым, што «хто моцны, той і мае рацыю».

Абарона Украіны ад уварвання Расіі азначае адмову ад закона джунгляў, ад уяўлення аб тым, што «хто моцны, той і мае рацыю». Быць «нейтральным» –  гэта ілжывая канцэпцыя. Адна краіна ўварвалася ў іншую. Калі ставіць іх у роўныя ўмовы, то немагчыма будзе правесці адрозненне паміж нападаючым і ахвярай нападзення. Такі «нейтралітэт» можа быць звязаны, вядома, з самымі рознымі прычынамі, ад схаванай згоды да страху мер у адказ, але на практыцы ён ператвараецца ў падтрымку Расіі і яе агрэсіўнай вайны.

Вайна Пуціна

Цяперашні канфлікт не вынік векавой нянавісці: гэтая вайна – выбар, рашэнне аднаго чалавека – прэзідэнта Пуціна. Яно заснавана на яго ўласным бачанні гісторыі, якое не адпавядае рэаліям XXI стагоддзя. Але калі вайна пачалася з асабістага рашэння, дык і скончыцца яна можа гэтак жа. Пытанне ў тым, калі расійскі прэзідэнт прызнае, што ўпартае прасоўванне па выбраным ім ваенным шляху прынясе больш шкоды, чым карысці, ягонай краіне альбо яго ўласнай палітычнай ролі.

Неабходна прыняць да ўвагі тры фактары: наступствы вайны для насельніцтва Расіі, вынікі вайны і ціск з боку міжнароднай супольнасці. Да гэтага часу апытанні, якія праводзяцца ў Расіі, гавораць аб значнай падтрымцы вайны, а дакладней "спецыяльнай ваеннай аперацыі", як яе ахрысціла расійскае кіраўніцтва. Аднак гэтая падтрымка засноўваецца на ілжывай інфармацыі. Калі б насельніцтва Расіі ведала, што адбываецца, яно б не падтрымлівала гэты жахлівы канфлікт.

За апошнія тыдні Дзяржаўная дума прыняла вялізную колькасць законаў, якія абмяжоўваюць свабоду слова і выказвання меркаванняў аб вайне і прадугледжваюць суровыя пакаранні для ўсіх, хто не згодны з афіцыйнай версіяй падзей. Мітынгі супраць вайны ў многіх гарадах Расіі былі задушаны, а свабодныя СМІ, якія засталіся, цалкам пазбаўлены магчымасці гаварыць. Улады працягваюць прапагандаваць ілжывы наратыў аб дэнацыфікацыі ў спалучэнні з заявамі аб нявызначаных пагрозах бяспецы Расіі. Зверствы, учыненыя расійскімі войскамі ва Украіне, бессаромна прыпісваюцца ўкраінцам.

«Хоць санкцыі, уведзеныя ЕС і іншымі краінамі ў спробе спыніць гэты канфлікт, могуць спачатку паспрыяць фармаванню бункернага мыслення, аднойчы для расейскіх грамадзян стане відавочнай рэальнасць».

Такая колькасць хлусні ў нейкі момант прывядзе да адваротнага выніку. Расійскае грамадства плаціць высокую цану за гэтую вайну ў многіх адносінах, і хаця санкцыі, уведзеныя ЕС і іншымі краінамі ў спробе спыніць гэты канфлікт, могуць спачатку садзейнічаць фармаванню бункернага мыслення, аднойчы для расійскіх грамадзян стане відавочнай рэальнасць. Дзесяткі тысяч людзей ужо пакінулі краіну з-за вайны, удушлівай цэнзуры і рэпрэсій.

Гэта яшчэ больш справядліва, улічваючы, што пакуль ваенныя дзеянні складаюцца не на карысць Расіі, нягледзячы на ​​яе велізарны ваенны патэнцыял у параўнанні з Украінай. Паўночная аперацыя правалілася, і Расіі давялося скарэктаваць планы, каб засяродзіць свае атакі на Данбасе і на поўдні. Гісторыя неаднаразова даказвала, што захопніцкія войны рэдка скончваюцца паспяхова. Нават калі краіна, якую спрабуюць захапіць, слабейшая ці менш арганізаваная, усё яе насельніцтва часта паўстае супраць захопніка альбо падтрымлівае тых, хто змагаецца супраць яго.

«Гісторыя неаднаразова даказвала, што захопніцкія войны рэдка скончваюцца паспяхова. Нават калі краіна, якую спрабуюць захапіць, слабейшая ці менш арганізаваная, усё яе насельніцтва часта паўстае супраць захопніка альбо падтрымлівае тых, хто змагаецца супраць яго».

Каб апраўдаць вайну, Расія і тыя, хто яе падтрымлівае, пачалі міжнародны дэзінфармацыйны наступ. З шаф дастаюць старыя прывіды халоднай вайны. Віну за пагрозу харчовага крызісу перакладаюць на санкцыі, уведзеныя ЕС і саюзнікамі, замест таго, каб ускладаць яе на расійскае кіраўніцтва, якое развязала вайну, блакуе парты ў Чорным моры, адкуль ідзе экспарт украінскай пшаніцы і ўгнаенняў, знішчаюць украінскую вытворчасць пшаніцы і прыпыняюць экспарт пшаніцы з Расіі.

Змагацца з ілжывымі наратывамі з дапамогай фактаў

ЕС разам з многімі партнёрамі змагаецца з такімі наратывамі, выкладаючы факты і дапамагаючы краінам, якія найбольш маюць у гэтым патрэбу, шляхам двухбаковай дапамогі і за кошт мабілізацыі Сусветнай харчовай праграмы, Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонда. Да працы хутка былі падключаны Міжнародны крымінальны суд і ўся сістэма ААН, што павінна дапамагчы ў раскрыцці праўды аб гэтым канфлікце і звязанай з ім адказнасці. Ён таксама павінен прыцягнуць да суду тых, хто вінаваты ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці. Страшныя карціны з загіблымі мірнымі жыхарамі, сведкам якіх я быў асабіста, наведаўшы Бучу, Марыупаль і іншыя ўкраінскія гарады, пакінуць незгладжальны след у нашай калектыўнай памяці. Яны паказваюць сапраўднае аблічча вайны, развязанай супраць Украіны.

«Страшныя карціны з загіблымі мірнымі жыхарамі, сведкам якіх я быў асабіста, наведаўшы Бучу, Марыупаль і іншыя ўкраінскія гарады, пакінуць незгладжальны след у нашай калектыўнай памяці. Яны паказваюць сапраўднае аблічча вайны, развязанай супраць Украіны».

З-за памяркоўнага стаўлення да такой агрэсіі наш свет стане небяспечным, у ім краіны з больш моцнай арміяй будуць навязваць сваю волю іншым, а міжнародныя правілы будуць беспакарана ігнаравацца. Гэта не той міжнародны парадак, які Еўрапейскі саюз і шмат якія іншыя краіны спрабавалі пабудаваць у апошнія дзесяцігоддзі.

«Мы працягнем абараняць шматбаковы парадак, заснаваны на агульных мэтах і міжнародным праве. Парушэнню асноўных прынцыпаў гэтага міжнароднага парадку, як гэта толькі што зрабіла Расея, ня можа быць апраўдання».

Глабальныя праблемы, такія як змена клімату, эканамічнае развіццё, барацьба з пандэміямі і падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, могуць быць вырашаны, толькі калі мы аб'яднаем намаганні. Менавіта таму мы працягнем бараніць шматбаковы парадак, заснаваны на агульных мэтах і міжнародным праве. Парушэнню асноўных прынцыпаў гэтага міжнароднага парадку, як гэта толькі што зрабіла Расея, не можа быць апраўданні.

Усе краіны, асабліва самыя магутныя, павінны зрабіць свой унёсак у захаванне і ўмацаванне заснаванага на правілах міжнароднага парадку. У некаторых з іх ёсць міжнародныя абавязацельствы. Кітай пастаянны член Савета Бяспекі ААН, ён заўсёды заяўляў аб сваёй прыхільнасці абароне суверэнітэту краін і непарушнасці межаў. Улічваючы яго шчыльныя эканамічныя сувязі з Еўрапейскім саюзам і з Украінай, было б лагічна, калі б Кітай скарыстаўся сваімі добрымі адносінамі з Расіяй, каб дапамагчы прэзідэнту Пуціну ўстаць на шлях закону і міру. На жаль, мы не бачым ніякіх прыкмет таго, каб гэта зараз адбывалася.

Погляд у будучыню

Калі толькі мы не вырашым заставацца заўсёды ў стане напружанасці альбо канфлікту, а гэта, вядома, не той варыянт, якому аддае перавагу ЕС, нам давядзецца знайсці шляхі, як перабудаваць адносіны Еўрапейскага саюза і Расіі і дамовіцца аб гарантыях бяспекі і механізмах, якія дазволяць ізноў усталяваць мірнае суіснаванне. Гэта, безумоўна, будзе вельмі складаны і працяглы працэс. Расейскае кіраўніцтва павінна спачатку зразумець, што ягоная ўласная бяспека не можа і не будзе забяспечана за кошт агульнай еўрапейскай бяспекі і бяспекі яго суседзяў.  

 

 

 

HR/VP box
HR/VP Josep Borrell cartoon

“A Window on the World” – by HR/VP Josep Borrell

Blog by Josep Borrell on his activities and European foreign policy. You can also find here interviews, op-eds, selected speeches and videos.