Беларусь: Чацвёртая сустрэча Кансультатыўнай групы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю адбылася ў Бруселі
11 снежня ў Бруселі адбылася 4-я сустрэча Кансультатыўнай групы EC і дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэтая сустрэча дала магчымасць яшчэ раз падкрэсліць падтрымку адважных беларускіх дэмакратычных сіл з боку ЕС у іх імкненні да дэмакратычнай, незалежнай і суверэннай Беларусі.
На палях сустрэчы Кансультатыўнай групы Высокі прадстаўнік/віцэ-прэзідэнт Кая Калас сустрэлася са Святланай Ціханоўскай. Высокі прадстаўнік пацвердзіла непахісную падтрымку Еўрапейскім саюзам дэмакратычнай будучыні Беларусі і высока ацаніла лідарства Святланы Ціханоўскай у працы дзеля свабоднай і незалежнай Беларусі.
Кансультатыўная група разгледзела палітычную сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку што да ўзмацнення рэпрэсій і пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, саўдзелу рэжыму ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны ды інструменталізацыі ім міграцыі на знешніх межах ЕС.
Удзельнікі таксама абмеркавалі залежнасць Беларусі ад Расіі, якая (залежнасць) павялічваецца і надалей падрывае яе (Беларусі) суверэнітэт.
У цэнтры ўвагі сустрэчы таксама былі надыходзячыя так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, што маюць адбыцца ў студзені 2025 года. ЕС падкрэсліў неабходнасць свабодных, справядлівых і празрыстых выбарчых працэдур. У цяперашні час ў святле рэпрэсій, якія працягваюцца, умовы для дэмакратычных выбараў адсутнічаюць.
ЕС таксама пацвердзіў сваю прыхільнасць падтрымцы дэмакратычных сіл і народа Беларусі ў яго імкненні да свабоды і самавызначэння.
Адзначаючы нядаўняе вызваленне некаторых палітычных зняволеных, ЕС асудзіў эскалацыю затрыманняў і рэпрэсіўных захадаў напярэдадні так званых студзеньскіх выбараў. ЕС выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з тым, што блізу 1300 палітычных вязняў застаюцца ў несправядлівым зняволенні, і заклікаў да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення. У супрацоўніцтве з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, якія падтрымліваюць палітычных вязняў ды іх сем'і, Еўрапейская служба знешніх дзеянняў арганізавала выставу твораў і лістоў палітычных зняволеных пад назвай «Галасы з турмы». Кожны твор распавядае гісторыю вязня, які нават за кратамі працягвае свой супраціў.
Сустрэча прайшла пад сустаршынствам выканаўчага дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Міхаэля Зіберта і лідара дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай пры ўдзеле прадстаўнікоў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі, дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Для даведкі
Кансультатыўная група ЕС з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі была створана ў 2023 годзе і дзейнічае як пляцоўка для дыялогу паміж ЕС і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Кансультатыўная група забяспечвае абмен інфармацыяй пра сітуацыю ў краіне і дапамагае фармаваць далейшыя дзеянні ЕС у падтрымку свабоднай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі.
Сустрэча 11 снежня была часткай арганізаваных Еўрапейскім саюзам Дзён Беларусі (9-13 снежня) – тыднёвай серыі дыскусій ды імпрэз, арганізаваных супольна Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім парламентам з мэтай прадэманстраваць прыклады падтрымкі Еўрапейскім саюзам народа Беларусі і яго імкнення да дэмакратыі. Дні Беларусі таксама прысвечаныя беларускай культуры і спадчыне.
Дні Беларусі працягваюцца ў Бруселі да 13 снежня, ствараючы платформу для ўзмацнення галасоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, для захавання беларускай культурнай спадчыны ды ўмацавання адданасці Еўрапейскага саюза справе дэмакратычнай Беларусі.