1. Агляд сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Трэці год запар сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршалася. Да канца 2022 года налічвалася 1446 палітычных зняволеных, у параўнанні з 969 у канцы 2021 года і 170 у канцы 2020 года. Рэжым працягваў прымаць новае рэпрэсіўнае заканадаўства, якое яшчэ больш падрывала фундаментальныя правы, свабоду асацыяцый і свабоду выражэння. Спісы фізічных і юрыдычных асоб, прызнаных "тэрарыстамі", "тэрарыстычнымі арганізацыямі" і "экстрэмістамі", пашыраліся адначасова з тым, як рэжым працягваў свае спробы прымусіць замаўчаць усіх нязгодных. Са жніўня 2020 года больш за 1 000 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі ліквідаваны або вымушаны зачыніцца праз ціск. Больш за 100 сродкаў масавай інфармацыі зазналі на сённяшні дзень пераслед (былі зачынены, заблакаваны, абвешчаны экстрэмісцкімі і г. д.), пры тым што за кіраванне імі людзі атрымлівалі працяглыя тэрміны турэмнага зняволення – да 15 гадоў. У канцы снежня 33 супрацоўнікі СМІ знаходзіліся за кратамі. Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), больш чым да 3 000 інтэрнэт-рэсурсаў быў абмежаваны доступ (у асноўным да Telegram-каналаў і чатаў).
Судовая ўлада стала неад'емным складнікам працэсу рэпрэсій, які ігнаруе міжнародныя стандарты справядлівага суду і права на выкананне працэсуальных норм. Удзельнікі пратэстаў, праваабаронцы, супрацоўнікі СМІ і лідары апазіцыі атрымоўвалі суровыя палітычна матываваныя тэрміны. Грамадзяне, якія пратэставалі супраць падтрымкі Беларуссю вайны Расіі супраць Украіны, таксама падвяргаліся пераследу. Абазначылася вельмі трывожная тэндэнцыя – рэпрэсіі ўсё часцей падтрымліваюцца новым заканадаўствам, якое адмяняе гарантыі правоў грамадзян і абмяжоўвае фундаментальныя свабоды, якія павінны быць ключавым элементам грамадства, пабудаванага на вяршэнстве права.
У выніку рэферэндуму аб зменах у канстытуцыю 27 лютага 2022 года статус Беларусі як краіны, свабоднай ад ядзернай зброі, быў скасаваны, а былыя прэзідэнты былі вызвалены ад адказнасці за дзеянні, учыненыя падчас знаходжання на пасадзе. Сфера прымянення смяротнага пакарання была пашырана і ўключае цяпер «замах на здзяйсненне акту тэрарызму», што патэнцыйна накіравана супраць палітычнай апазіцыі (май 2022 г.), і здраду з боку службовай асобы альбо афіцэра (снежань 2022 г.).
2. Дзеянні ЕС – ключавыя напрамкі. ЕС працягваў аказваць падтрымку ахвярам рэпрэсій, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ. ЕС таксама працягваў падтрымліваць намаганні па прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека, у тым ліку прымяненні катаванняў і жорсткім, бесчалавечным альбо зневажальным абыходжанні. Як і ў 2021 годзе, Прадстаўніцтва ЕС у Мінску ў супрацоўніцтве з пасольствамі дзяржаў-членаў і партнёрамі-аднадумцамі рэалізавала шматлікія ініцыятывы па падтрымцы палітычных зняволеных і прыцягненні ўвагі да іх сітуацыі, напрыклад, публікуючы іх гісторыі і сустракаючыся з іх сем'ямі, а таксама звяртаючыся да уладаў наконт утрымання пад вартай людзей з сур'ёзнымі захворваннямі. Аднак беларускія ўлады не адрэагавалі на дэмаршы эўрапейскіх дыпламатаў. ЕС і краіны-аднадумцы працягвалі назіраць за палітычна матываванымі судовымі працэсамі – практыку, якую беларускія ўлады ўсё больш ускладнялі, у тым ліку агрэсіўнымі паводзінамі прадстаўнікоў беларускіх дзяржаўных СМІ ў дачыненні да дыпламатаў ЕС.
3. Двухбаковае палітычнае ўзаемадзеянне. У 2021 годзе Беларусь працягвала займаць галоўнае месца на парадку дня ЕС. Рэпрэсіі, якія працягваліся, і пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека разглядаліся на ўсіх узроўнях, у тым ліку Саветам па замежных справах і Еўрапейскай радай, і згадваліся падчас шматлікіх кантактаў з трэцімі краінамі. У адказ на парушэнні правоў чалавека і падтрымку незаконнага перасячэння мяжы Савет прыняў два пакеты санкцый, у дадатак да трох пакетаў, прынятых у 2020 годзе. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад 12 кастрычніка 2020 года ЕС скараціў двухбаковае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі на цэнтральным узроўні і павялічыў падтрымку ЕС беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці. У маі 2021 года ЕС апублікаваў усёабдымны план эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра, які адлюстроўвае падтрымку мірнага пераходу да дэмакратыі ў краіне. На працягу ўсяго 2021 года Еўрапейскі парламент гучна заяўляў аб неабходнасці пакласці канец парушэнням правоў чалавека і падтрымліваць насельніцтва Беларусі ў яго патрабаванні дэмакратыі, а таксама ўнёс істотны ўклад у намаганні па забеспячэнні адказнасці за ўчыненыя злачынствы. Высокі прадстаўнік ЕС некалькі разоў выказваўся наконт сітуацыі на пленарных пасяджэннях Еўрапейскага парламента. Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека таксама ўзнімаў пытанне аб бядотнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу неабходнасці паляпшэння становішча палітвязняў і іх вызвалення.
4. Фінансавы ўдзел ЕС. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета па Беларусі ад 12 кастрычніка 2020 года, ЕС перанакіраваў сваю дапамогу ад цэнтральнай улады недзяржаўным суб'ектам. Агульная падтрымка народа Беларусі, якая паступае з розных крыніц фінансавання Еўрапейскай камісіі са жніўня 2020 года, перавышае 100 мільёнаў еўра. Апошні пакет падтрымкі, прыняты ў лістападзе 2022 года, складае 25 мільёнаў еўра і мае два кампаненты: (i) падтрымка беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці і (ii) падтрымка студэнтаў і спецыялістаў (у тым ліку шляхам працягу рэалізацыі стыпендыяльнай праграмы).
5. Шматбаковы кантэкст. ЕС працягваў узнімаць пытанне аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі на міжнародных форумах. ЕС забяспечыў унясенне гэтага пытання ў пастаянны парадак дня Савета ААН па правах чалавека. Мандат Спецыяльнага дакладчыка быў працягнуты ў 2022 годзе. Акрамя таго, ЕС палітычна і фінансава падтрымлівае Міжнародную платформу па прыцягненні да адказнасці для Беларусі – незалежную і бесстароннюю платформу для збору, праверкі і захавання дакументацыі і доказаў сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека. ЕС зрабіў некалькі заяваў у Савеце Еўропы, а таксама ў рамках АБСЕ, з асуджэннем парушэннеў правоў чалавека ў Беларусі, якія працягваюцца.