This isn't an official website of the European Union

Беларусь у Штогадовай справаздачы ЕС аб ​​правах чалавека і дэмакратыі ў свеце за 2021 г.

1. Агляд сітуацыі з правамі чалавека і дэмакратыяй. Цягам 2021 года сітуацыя ў Беларусі працягвала пагаршацца. Па розных ацэнках, са жніўня 2020 года ў сувязі з удзелам у акцыях пратэсту затрымана больш за 37 500 чалавек. Да канца 2021 года ў краіне налічвалася амаль 1000 палітвязняў у параўнанні са 170 на канец папярэдняга справаздачнага перыяду. Праваахоўныя і судовыя органы не выконваюць працэсуальныя, адміністрацыйныя, крымінальныя і канстытуцыйныя нормы. Людзі, якім прад'яўлены палітычна матываваныя абвінавачанні, у тым ліку ўдзельнікі пратэстаў і лідары апазіцыі, атрымліваюць неабгрунтаваныя і вельмі суровыя прысуды. Так, вядомыя прадстаўнікі апазіцыі атрымалі тэрміны ад 10 да 18 гадоў. Зняволеныя, затрыманыя па палітычных матывах, сутыкаюцца з асабліва жорсткім абыходжаннем, а гендарны гвалт выклікае сур'ёзную заклапочанасць. Улады не правялі належнага эфектыўнага расследавання гібелі мірных дэманстрантаў. У рамках шырокамаштабнага падаўлення грамадзянскай супольнасці больш за 300 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі зачынены альбо знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Сярод іх такія арганізацыі, як Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, палітычнае аб'яднанне "Рух за свабоду" і экалагічная грамадская арганізацыя "Экадом". Заблакаваны альбо аб'яўлены экстрэмісцкімі сайты некалькіх грамадскіх аб'яднанняў (у тым ліку старонкі васьмі з іх у сацыяльных сетках). Пераслед зазналі таксама незалежныя СМІ, журналісты і супрацоўнікі СМІ, зафіксавана 113 выпадкаў затрымання журналістаў. Па стане на 31 снежня 2021 года пад вартай заставаліся не менш як 32 журналіста і супрацоўніка СМІ. Былі зачынены сайты tut.by і інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, а таксама больш за 100 іншых незалежных навінавых сайтаў. У выніку гэтага сістэматычнага падаўлення незалежных меркаванняў практычна не засталося месца для грамадзянскай супольнасці ці праваабаронцаў. Незалежныя СМІ амаль знішчаны, а незалежная палітычная дзейнасць крыміналізавана заканадаўствам і пераследуецца сіламі бяспекі. Цяперашні крызіс у галіне правоў чалавека трэба разглядаць у кантэксце сістэмных праблем у галіне правоў чалавека, якія доўгі час заставаліся без увагі. Смяротнае пакаранне застаецца. Беларусь у аднабаковым парадку прыняла рашэнне аб спыненні дыялогу аб правах чалавека з ЕС.

2. Дзеянні ЕС - ключавыя напрамкі. У адказ на жорсткія рэпрэсіі пасля выбараў у жніўні 2020 г. і ў адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад 12 кастрычніка 2021 г. ЕС правёў перагляд сваіх адносін з Беларуссю. ЕС павялічыў сваю падтрымку ахвяр рэпрэсій, НДА і незалежных СМІ, моладзі, малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) і супрацоўнікаў аховы здароўя. Гэтая падтрымка ажыццяўлялася ў вельмі складаных умовах з прычыны пераследу НДА і рэлакацыі экспертаў, актывістаў і журналістаў у суседнія краіны. Яшчэ адной ключавой сферай, якая таксама разглядаецца ў шматбаковым кантэксце, з'яўляецца барацьба з беспакаранасцю і забеспячэнне падсправаздачнасці за шматлікія парушэнні і злоўжыванні правоў чалавека, уключаючы прымяненне катаванняў і жорсткае, бесчалавечнае альбо прыніжальнае для годнасці абыходжанне.

Адказныя асобы Прадстаўніцтва ЕС і дзяржаў-членаў ЕС наведвалі праваабаронцаў і НДА, каб аказаць ім падтрымку ў сувязі з пераследам. У супрацоўніцтве з пасольствамі дзяржаў-членаў і партнёрамі-аднадумцамі Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі выступіла са шматлікімі ініцыятывамі па падтрымцы палітычных зняволеных і прыцягненні ўвагі да іх становішча, напрыклад, публікуючы іх гісторыі і сустракаючыся з іх сем'ямі, а таксама звяртаючыся да ўладаў у выпадках, калі зняволеныя мелі сур'ёзныя праблемы са здароўем.

3. Двухбаковае палітычнае ўзаемадзеянне. У 2021 годзе Беларусь па-ранейшаму займала цэнтральнае месца на парадку дня ЕС. Рэпрэсіі, якія працягваліся, і пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека абмяркоўваліся на ўсіх узроўнях, у тым ліку Саветам па замежных справах і Еўрапейскім саветам, і згадваліся ў шматлікіх кантактах з трэцімі краінамі. У адказ на парушэнні правоў чалавека і падтрымку незаконных перасячэнняў мяжы Савет прыняў два пакеты санкцый у дадатак да трох пакетаў, прынятых у 2020 годзе. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад 12 кастрычніка 2020 года, ЕС згарнуў двухбаковае супрацоўніцтва з уладамі Беларусі на цэнтральным узроўні і ўзмацніў падтрымку беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці. У маі 2021 года ЕС апублікаваў усёабдымны план эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі ў памеры да 3 млрд еўра, які адлюстроўвае падтрымку мірнага пераходу да дэмакратыі ў краіне. На працягу 2021 года Еўрапейскі парламент голасна заяўляў аб неабходнасці пакласці канец парушэнням правоў чалавека і падтрымаць беларускае насельніцтва ў яго імкненні да дэмакратыі, а таксама ўнёс істотны ўклад у намаганні па забеспячэнні адказнасці за ўчыненыя злачынствы. Высокі прадстаўнік ЕС некалькі разоў гаварыў аб сітуацыі на пленарным пасяджэнні Еўрапейскага парламента. Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека таксама закранаў цяжкую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, засяродзіўшы ўвагу на паляпшэнні становішча палітычных зняволеных і забеспячэнні іх вызвалення.

4. Фінансавы ўдзел ЕС. У адпаведнасці з Заключэннямі Савета ад 12 кастрычніка 2020 г. ЕС перанакіраваў дапамогу з цэнтральнага ўзроўню на недзяржаўныя суб'екты. Агульны аб'ём дапамогі ЕС народу Беларусі са жніўня 2020 года набліжаецца да 65 мільёнаў еўра. Адразу пасля сфальсіфікаваных выбараў было мабілізавана 3,7 мільёна еўра на экстраную падтрымку ахвяр рэпрэсій і незалежных СМІ. Акрамя таго, ЕС выдзеліў 24 мільёны еўра на захаванне прасторы для грамадзянскай супольнасці, 6 мільёнаў еўра на спрашчэнне доступу МСП да фінансавання і дадатковы 1 мільён еўра на падтрымку незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. У снежні 2020 года Еўрапейская камісія аб'явіла аб выдзяленні дадатковых 30 мільёнаў еўра для дапаўнення і пашырэння ўжо існуючай падтрымкі ЕС моладзі, незалежных СМІ, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у выгнанні і культуры.

5. Шматбаковы кантэкст. ЕС працягваў узнімаць пытанні аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі на міжнародных форумах. У Савеце ААН па правах чалавека ЕС адыграў ключавую ролю ў прыняцці рэзалюцыі 46/20, якая прадугледжвае разгляд сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку прыцягненне да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. 7 ліпеня 2021 года Савет ААН па правах чалавека на сваёй 47-й сесіі прыняў рэзалюцыю, якая падаўжае на адзін год мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

У мэтах выканання рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў справаздачы, прадстаўленай у рамках Маскоўскага механізму АБСЕ, 24 сакавіка 2021 года 19 дзяржаў выступілі з заявай, якая падтрымлівае запуск міжнароднай платформы падсправаздачнасці для Беларусі. ЕС рашуча падтрымаў гэтую ініцыятыву як палітычна, так і фінансава.

ЕС таксама падтрымаў запуск Венскага механізму ў сувязі з сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі і просьбу да Беларусі даць адказы на пытанні, якія датычацца катаванняў, пераследу крытыкаў урада альбо выкарыстання кантраляваных дзяржавай СМІ альбо старонак у сацыяльных сетках для падбухторвання да гвалту. ЕС таксама зрабіў заявы ў рамках сустрэчы Савета Бяспекі ААН высокага ўзроўню па формуле Арыі 22 студзеня 2021 г. і 8 кастрычніка 2021 г., закранаючы, у прыватнасці, сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Савет Еўропы і ЕС прынялі некалькі заяў, у якіх выказалі заклапочанасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека, у прыватнасці ў адносінах да свабоды выказвання. На саміце Усходняга партнёрства 15 снежня 2021 г. крэсла для Беларусі было пустым, але на палях саміту Старшыня Шарль Мішэль і Высокі прадстаўнік Жазэп Барэль сустрэліся з прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазіцыі, падкрэсліўшы, што ЕС працягвае падтрымку дэмакратычнай Беларусі, і заклікаўшы да вызвалення зняволеных.