This isn't an official website of the European Union

Беларусь: Заключэнні Савета пацвярджаюць непахісную падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека з боку ЕС

19.02.2024
Брусэль
EEAS Press Team

Сёння Савет Еўрапейскага саюза па замежных справах ухваліў Заключэнні, якія пацвярджаюць яго непахісную падтрымку імкнення народа Беларусі да свабоднай, дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай і квітнеючай Эўропы.

Жазэп Барэль, Высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, заявіў: «Беларусь па-ранейшаму займае важнае месца ў парадку дня ЕС. Мы асуджаем бессэнсоўнае парушэнне правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій напярэдадні маючых адбыцца выбараў. Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці. Мы салідарныя з беларускім народам і па-ранейшаму поўныя рашучасці мабілізаваць усе інструменты для падтрымкі яго імкнення да міру і дэмакратыі». У сваіх Заключэннях Савет выражае сваю ранейшую і глыбокую заклапочанасць адносна пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ён рашуча асуджае кампаніі пераследу і запалохвання, якія працягваюцца супраць усіх слаёў беларускага грамадства, беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій і абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці, якія падрываюць патэнцыял для забеспячэння справядлівасці і легітымнасці парламенцкіх і мясцовых выбараў, прызначаных на 25 лютага 2024 года.

Савет выказвае глыбокую занепакоенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, і пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню беларускай мовы і культуры.

Акрамя таго, Савет рашуча асуджае падтрымку, якую працягвае аказваць беларускі рэжым агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, і заклікае Беларусь устрымлівацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы. Ён таксама асуджае гібрыдныя атакі рэжыму на знешнія межы ЕС, у тым ліку выкарыстанне мігрантаў у якасці інструменту.

ЕС увёў мэтавыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя і мэтавыя меры, пакуль беларускія ўлады працягваюць свае дзеянні.

У заключэннях Савет таксама падкрэслівае цвёрдую падтрымку ЕС беларускай грамадзянскай супольнасці, вітаючы стварэнне Кансультатыўнай групы ЕС з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, ён нагадвае аб узятым ЕС абавязальніцтве прадаставіць 3 мільярды еўра будучай дэмакратычнай Беларусі праз Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі, мэтай якога з'яўляецца павышэнне ўстойлівасці і набліжэнне дэмакратычных рэформ, стварэнне новых працоўных месцаў і павышэнне ўзроўню жыцця людзей. У будучай дэмакратычнай Беларусі ёсць месца ў еўрапейскай сям'і.

   Заключэнні Савета Еўрапейскага саюза па замежных справах, 19 лютага 2024 года

  1. Савет пацвярджае свае Заключэнні адносна Беларусі ад 12 кастрычніка 2020 года, у якіх выкладзена палітыка ЕС у адносінах да Беларусі.
  2. ЕС падтрымлівае народ Беларусі. Савет падкрэслівае сваю непахісную падтрымку імкнення беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі, якая з'яўляецца часткай мірнай і квітнеючай Еўропы.
  3. Савет па-ранейшаму глыбока занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, якая пагаршаецца, і рашуча асуджае кампаніі пераследу і запалохвання, якія працягваюць весціся беларускім рэжымам супраць усіх слаёў беларускага грамадства, уключаючы праваабаронцаў, журналістаў, незалежных прафсаюзных дзеячаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і асоб, якія належаць да нацыянальных меншасцяў. Ён выказвае шкадаванне з нагоды таго, што палітычныя зняволеныя па-ранейшаму ўтрымліваюцца ў жудасных умовах, падвяргаюцца катаванням і жорсткаму абыходжанню, не маюць доступу да базавых медыцынскіх паслуг, і што многія з гэтых зняволеных утрымліваюцца на працягу доўгага часу без кантактаў са сваімі адвакатамі і сваякамі. ЕС заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і іх эфектыўнай рэабілітацыі. Ён таксама заклікае ўлады Беларусі адмяніць смяротную кару і ў якасці першага кроку ўвесці мараторый на яе прымяненне.
  4. Савет падкрэслівае, што беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, у тым ліку супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, і абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці падрываюць патэнцыял для справядлівасці і легітымнасці парламенцкіх і мясцовых выбараў, прызначаных на 25 лютага 2024 года. ЕС шкадуе, што ўлады Беларусі вырашылі не запрашаць назіральную місію Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) для назірання за маючымі адбыцца выбарамі, насуперак сваім міжнародным абавязкам.
  5. Савет працягвае падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народа абіраць сваіх прадстаўнікоў праз свабодныя і справядлівыя выбары. ЕС заклікае ўлады Беларусі да сапраўднага і інклюзіўнага дыялогу з усімі катэгорыямі грамадства з мэтай правядзення свабодных і справядлівых выбараў, пад наглядам БДІПЧ АБСЕ і ў адпаведнасці з прызнанымі на міжнародным узроўні стандартамі.
  6. Савет пацвярджае сваю прыхільнасць прыцягненню да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека. Грубыя парушэнні правоў чалавека працягваюць здзяйсняцца з мэтай рэпрэсаваць беларускае грамадства і прымусіць замаўчаць усіх, хто лічыцца праціўнікам рэжыму. На думку Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека, некаторыя з гэтых парушэнняў могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці.
  7. У сувязі з гэтым ЕС пацвярджае важнасць далейшага вывучэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Саветам ААН па правах чалавека і вітае працу Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі. ЕС заклікае ўлады Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць з міжнароднымі і рэгіянальнымі механізмамі правоў чалавека. Ужыванне ўніверсальнай юрысдыкцыі таксама з'яўляецца важным інструментам прадухілення беспакаранасці і барацьбы з ёй, а таксама садзейнічання забеспячэнню міжнароднай падсправаздачнасці.
  8. Савет асуджае падпісаны Лукашэнкам указ ад 4 верасня 2023 года аб абмежаванні пашпартных і іншых консульскіх паслуг для беларусаў за мяжой і пацвярджае сваю прыхільнасць працягу падтрымкі беларускіх грамадзян у ЕС, якія ўцяклі ад рэпрэсій, у тым ліку праз скаардынаваныя намаганні сярод дзяржаў-членаў ЕС.
  9. Савет рашуча асуджае падтрымку, якую працягвае аказваць беларускі рэжым агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, і заклікае Беларусь устрымлівацца ад такіх дзеянняў і выконваць свае міжнародныя абавязацельствы. Беларусь павінна перастаць быць саўдзельнікам агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны. ЕС асуджае заявы Расіі аб намеры размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі і аб тым, што Расія і Беларусь дасягнулі адпаведнага пагаднення. Гэтыя заявы супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі ў рамках Будапешцкага мемарандума і садзейнічаюць узмацненню ўжо існуючай напружанасці. Савет таксама асуджае саўдзел беларускага рэжыму ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і паўтарае свой настойлівы заклік да Беларусі неадкладна забяспечыць іх бяспечнае вяртанне ва Украіну. Еўрапейскі саюз па-ранейшаму адданы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
  10. Савет таксама рашуча асуджае гібрыдныя атакі на знешнія межы ЕС, у тым ліку выкарыстанне беларускім рэжымам мігрантаў у якасці інструменту для дасягнення палітычных мэт пры саўдзеле Расіі. ЕС працягне праяўляць салідарнасць з пацярпелымі дзяржавамі-членамі.
  11. Савет падкрэслівае, што бяспека ядзерных аб'ектаў з'яўляецца ключавым прыярытэтам для ЕС. У гэтым кантэксце ЕС выказвае занепакоенасць шматлікімі нявырашанымі пытаннямі бяспекі на Беларускай атамнай электрастанцыі і заклікае Беларусь прытрымлівацца самых высокіх міжнародных стандартаў экалагічнай і ядзернай бяспекі, а таксама аператыўна выконваць рэкамендацыі ЕС у рамках стрэс-тэстаў.
  12. Савет увёў мэтавыя санкцыі ў адказ на рэпрэсіі, парушэнні выбарчага працэсу, заахвочванне і арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы, парушэнні правоў чалавека і ўцягнутасць уладаў у агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны. У рамках свайго паэтапнага падыходу ЕС гатовы прыняць далейшыя абмежавальныя і мэтавыя меры, пакуль беларускія ўлады працягваюць гэтыя дзеянні.
  13. Савет выказвае сваю глыбокую занепакоенасць дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць Беларусі, і пацвярджае сваю прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню беларускай мовы і культуры. ЕС нагадвае аб важнасці кантактаў паміж людзьмі, у тым ліку шляхам падтрымкі мабільнасці, моладзевай і культурнай дзейнасці ў адпаведнасці з прынцыпамі, уключанымі ў Заключэнні Савета ад 2020 года. Звычайныя беларускія грамадзяне працягваюць карыстацца перавагамі Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю.
  14. Савет цэніць беларускую грамадзянскую супольнасць як важнага партнёра ў рамках Усходняга партнёрства і нагадвае, што Усходняе партнёрства застаецца адкрытым для будучай дэмакратычнай Беларусі.
  15. ЕС працягне падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы. У гэтым кантэксце Савет вітае стварэнне Кансультатыўнай групы ЕС з удзелам беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, а таксама каардынацыю дапамогі праз Афіцыйныя сустрэчы на высокім узроўні і выказвае падтрымку іх працягу. ЕС таксама вітае супрацоўніцтва Савета Еўропы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю праз яго Кантактную групу.
  16. ЕС падтрымлівае і высока ацэньвае намаганні беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, а таксама прызнае іх еўрапейскі выбар. У будучай дэмакратычнай Беларусі ёсць месца ў еўрапейскай сям'і. Калі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЕС акажа падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання яе інстытутаў. Наша мэта – дапамагчы павысіць устойлівасць і наблізіць дэмакратычныя рэформы, стварыць новыя працоўныя месцы і палепшыць узровень жыцця людзей, у тым ліку праз Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на суму да 3 мільярдаў еўра.
  17. ЕС па-ранейшаму мае цвёрды намер трымаць пытанне Беларусі на пярэднім плане міжнароднага парадку дня. Народ Беларусі можа быць упэўнены ў тым, што Еўрапейскі саюз будзе захоўваць фокус увагі на яго дабрабыце, правах чалавека і праве на квітнеючую будучыню ў дэмакратычнай Беларусі.

        Крыніца