Беларусь: ЕС уключыў у спіс [абмежавальных мер] 26 фізічных і 2 юрыдычныя асобы ў сувязі з сітуацыяй ў краіне
Савет ЕС сёння вырашыў прыняць абмежавальныя меры ў дачыненні да яшчэ 26 фізічных і 2 юрыдычных асоб з Беларусі ў сувязі з сітуацыяй у краіне.
Абмежавальныя меры ўведзеныя ў дачыненні да шэрагу прадстаўнікоў судовай галіны, а менавіта да суддзяў, што нясуць адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, бо выносілі палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку прысуды ў дачыненні да грамадзян, якія выказвалі сваё меркаванне супраць рэжыму Лукашэнкі, супраць сістэмы і жорсткасці беларускіх сілавых структур. Акрамя таго, абмежавальныя меры прынятыя ў дачыненні да кіраўнікоў і намеснікаў кіраўнікоў шэрагу папраўчых устаноў (турмаў і СІЗА), а таксама да начальніка медыцынскай часткі адной з такіх устаноў, дзе шэраг палітычных зняволеных сутыкаюцца са злоўжываннямі і нечалавечымі ўмовамі ўтрымання.
У сённяшнія спісы таксама ўключаныя асобы, што ў якасці ўладальнікаў бізнесу, саўладальнікаў, партнёраў або ў складзе саветаў дырэктараў атрымлівалі выгаду ад рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз прывілеі або перавагі, нададзеныя іх кампаніям рэжымам, і спрыялі абыходу санкцый ЕС.
Адна юрыдычная асоба, у дачыненні да якой прымененыя абмежавальныя меры – гэта беларуская транспартна-складская кампанія ТАА «Влатэ Лагістык», якая валодае двума пунктамі афармлення на мяжы ЕС і Беларусі і мае значныя падатковыя перавагі і льготы ад рэжыму Лукашэнкі, разам яе акцыянерамі Алегам Барабанавым, Алегам Герасімам, Алегам Пятровым, Дзмітрыем Замулевічам і Уладзімірам Аркадзевым.
Другая дададзеная ў санкцыйны спіс арганізацыя – гэта ТАА «Рузэкспедыцыя», беларуская кампанія, якая атрымлівае выгаду ад рэжыму і спрыяе абыходу санкцый ЕС праз удзел у пастаўках аўтамабіляў, забароненых да продажу, пастаўкі, перадачы або экспарту з ЕС у Беларусь. «Рузэкспедыцыя» дададзеная да спіса разам з яе уладальнікам, Алегам Арловым.
Агулам абмежавальныя меры ЕС у дачыненні да Беларусі цяпер распаўсюджваюцца на 287 фізічных і 39 юрыдычных асоб. Актывы тых, хто дададзены да cпіса сёння, падлягаюць замарожванню, а грамадзянам і кампаніям ЕС забаронена прадастаўляць ім сродкі. Фізічныя асобы таксама падпадаюць пад забарону на ўезд, якая не дазваляе ім уязджаць у краіны ЕС або праязджаць праз іх транзітам.
ЕС салідарны з народам Беларусі і цвёрда падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы.
Адпаведныя прававыя акты апублікаваныя ў Афіцыйным журнале Еўрапейскага саюза.
Для даведкі
Са жніўня 2020 года ЕС паслядоўна прымаў рашэнні пра ўвядзенне некалькіх раундаў індывідуальных і сектаральных санкцый у дачынні да асоб, адказных за рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў кантэксце задзейнічання Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны. Праз гэтыя меры ЕС сігналізуе адказным палітычным і эканамічным суб'ектам, што іх дзеянні і падтрымка рэжыму і Расіі маюць сваю цану.
У сваіх Заключэннях ад 19 лютага 2024 года Савет выказаў глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ды рашуча асудзіў працяг кампаній пераследу і запалохвання, якія праводзяцца рэжымам у Беларусі ў дачыненні да ўсіх сегментаў беларускага грамадства. Савет выказаў шкадаванне з нагоды таго, што палітычныя зняволеныя застаюцца ў зняволенні ў жудасных умовах, падвяргаюцца катаванням і жорсткаму абыходжанню, не маюць доступу да неабходнай медыцынскай дапамогі, а таксама таго, што многія з гэтых зняволеных на працягу доўгага часу пазбаўляюцца кантактаў з адвакатамі і сваякамі. ЕС заклікае ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных і адмяніць смяротнае пакаранне.
5 жніўня 2024 года Савет вырашыў увесці абмежавальныя меры ў дачыненні да 28 асобаў за іх удзел у рэпрэсіях і парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Гэтыя санкцыі былі ўведзеныя напярэдадні чацвёртай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.