This isn't an official website of the European Union

Беларусь: выступ Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля ў Еўрапейскім парламенце адносна палітычных зняволеных і рэпрэсій, якія працягваюцца з боку рэжыму

29.01.2024
Strasbourg
EEAS Press Team

Выступ Камісара па кіраванні крызіснымі сітуацыямі Янеза Ленарчыча ад імя Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля

Спадарыня Старшыня, паважаныя дэпутаты Еўрапейскага парламента.

Мікола Статкевіч, адзін са старэйшых лідараў апазіцыі, з'яўляецца адным з амаль 1500 палітычных зняволеных, якія ў цяперашні час утрымліваюцца пад вартай беларускім рэжымам.

На жаль, як і многія іншыя вядомыя зняволеныя, ён утрымліваецца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Яго сям'я не атрымлівала ад яго вестак апошнія 10 месяцаў. Мяркуецца, што ён знаходзіцца ў папраўчай калоніі №13, адной з самых суровых, без доступу да адвакатаў і медыцынскай дапамогі.

Спадар Статкевіч правёў у турме агулам 10 гадоў. Пасля арышту ў 2020 годзе яго прыгаварылі яшчэ да 14 гадоў зняволення. Нават у турме Мікола Статкевіч застаецца для беларусаў сімвалам мужнасці і стойкасці.

Сітуацыя Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязняў у Беларусі застаецца адным з найбольшых прадметаў заклапочанасці Еўрапейскага саюза. Пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года мы назіраем няўхільнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, уключаючы катаванні і жорсткае абыходжанне з палітычнымі зняволенымі, якія знаходзяцца пад вартай, а таксама пераслед беларусаў у краіне і ў выгнанні.

Еўрапейскі саюз неаднаразова заклікаў рэжым Лукашэнкі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў. Еўрапейскі саюз таксама ўвёў сем пакетаў санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку абмежавальныя меры супраць адказных, суддзяў, пракурораў, начальнікаў папраўчых калоній і супрацоўнікаў службаў бяспекі рэжыму.

Мы мабілізуем усе інструменты для вырашэння сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі. Прадстаўніцтва ЕС у Мінску рэгулярна запытвае ў беларускіх уладаў інфармацыю аб умовах утрымання вядомых палітзняволеных, якія знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету, а таксама просіць аб магчымасці наведаць іх, у тым ліку Мікалая Статкевіча.

Разам з Прадстаўніцтвам ЕС нашы дзяржавы-члены, якія прысутнічаюць у Мінску, працягваюць праяўляць салідарнасць з палітычнымі зняволенымі, у прыватнасці, знаходзячыся каля будынкаў суда падчас судовых працэсаў.

ЕС працягне ўзначальваць працу па прыцягненні да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі праз Міжнародную платформу па прыцягненні да адказнасці і на іншых міжнародных форумах.

29 лістапада Высокі прадстаўнік Барэль выступіў з заявай, у якой асудзіў нядаўнія атакі на прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл і іх сем'і, якія з'яўляюцца яшчэ адным ганебным прыкладам працягу рэпрэсій і злоўжыванняў уладай з боку Лукашэнкі і ягонага рэжыму.

Беларускі народ у гэты няпросты час праявіў выключную мужнасць і годнасць. ЕС падтрымлівае яго ў яго імкненні да дэмакратыі і незалежнасці і будзе працягваць рабіць гэта столькі, колькі спатрэбіцца.

Дзякуй.

Спасылка на відэа (пачынаючы с 17:00): https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-250520

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Josephine MOREAU
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy