This isn't an official website of the European Union

Беларусь: выказванні Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС са Святланай Ціханоўскай

11.12.2023
Brussels
EEAS Press Team

Паважаная Святлана, мы радыя бачыць Вас зноў у Бруселі, сардэчна запрашаем на нашу сустрэчу з міністрамі замежных спраў ЕС.

У нас шмат праблем па ўсім свеце, вайна ў Газе, вайна ва Украіне, але мы не забываемся пра Беларусь і яе народ.

Мы думаем пра Беларусь і яе народ – і не толькі сёння ўвечары.

Насамрэч мы шчыльна супрацоўнічаем і выдатна разумеем, што сітуацыя ў краіне становіцца ўсё больш складанай. І я ўпэўнены, што міністры будуць вельмі хацець пачуць ад Вас, шаноўная Святлана, Вашу ацэнку сітуацыі.

Гэта добрая нагода рашуча асудзіць рэпрэсіі, якія рэжым Лукашэнкі працягвае ажыццяўляць супраць уласнага насельніцтва, а таксама асудзіць яго падтрымку вайны Пуціна супраць Украіны.

Мы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму і тых, хто яго падтрымлівае.

Заўтра мы разам з міністрамі сустрэнемся з міністрамі краін Усходняга партнёрства, але крэсла для Беларусі зноў будзе пуставаць: таму што мы не прызнаем тых, хто крадзе выбары і рэпрэсуе сваё насельніцтва. Вось што зрабіў Лукашэнка: ён скраў выбары і рэпрэсуе беларускі народ.

Сёння ўвечары мы будзем мець задавальненне весці з Вамі дыскусію, дэманструючы нашу прыхільнасць да ўзаемадзеяння з беларускім народам у адсутнасці магчымасці зрабіць гэта з афіцыйнымі ўладамі.

Я спадзяюся, што афіцыйная ўлада Беларусі будзе [урэшце рэшт] абрана дэмакратычным шляхам і будзе цалкам прадстаўляць беларускі народ. [Да таго моманту] мы працягнем прымяняць санкцыі да рэжыму і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы.

І каб падкрэсліць гэта, я абвяшчу сёння аб дадатковай фінансавай падтрымцы [у памеры 30 мільёнаў еўра] для беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, і разам з абвешчанай сёння сумай мы дасягнем агульнага аб'ёму падтрымкі ў 140 мільёнаў еўра з 2020 года.

Я ведаю, шаноўная Святлана, што гэта кропля ў акіяне патрэбаў беларускага народа і апазіцыі, але мы робім усё магчымае, каб падтрымаць Вас.

Я таксама хачу выкарыстаць гэтую магчымасць, каб заклікаць рэжым вызваліць усіх палітычных вязняў, спыніць рэпрэсіі, распачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог і арганізаваць дэмакратычныя выбары.

Я ведаю, што гэта пропаведзь у пустыні, і Лукашэнка не [захоча] мяне пачуць, але ЕС і міжнародная супольнасць павінны яшчэ раз паўтарыць гэту просьбу – спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і аб'явіць свабодныя, дэмакратычныя выбары.

Дзякуй!

 

Watch the video here: https://audiovisual.ec.europa.eu/en/video/I-250383

Peter Stano
Lead Spokesperson for Foreign Affairs and Security Policy
+32 (0)460 75 45 53
Josephine MOREAU
Press Officer for Foreign Affairs and Security Policy