ААН: заява Высокага прадстаўніка Жазэпа Барэля ў сувязі з прыняццем рэзалюцыі аб гуманітарных наступствах агрэсіі супраць Украіны
У чацвер Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой яна выказала шкадаванне аб страшных гуманітарных наступствах агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны і запатрабавала неадкладнага спынення нападаў на мірных жыхароў. Рэзалюцыя патрабуе гарантавання бяспечнага і бесперашкоднага перамяшчэння грамадзянскіх асоб, якія ратуюцца ад гвалту, а таксама бяспечнага і бесперашкоднага гуманітарнага доступу да тых, хто мае патрэбу. Рэзалюцыя атрымала падтрымку пераважнай большасці ва ўсіх рэгіёнах свету: 140 краін прагаласавалі за і толькі 5 – супраць.
Праз месяц пасля пачатку вайны Расея працягвае штодня атакаваць грамадзянскае насельніцтва і інфраструктуру Украіны. Абстрэльваюцца людзі, якія ўцякаюць з абложаных гарадоў, школы, бальніцы, жылыя дамы. Паступаюць паведамленні аб прымяненні касетных боепрыпасаў у населеных раёнах.
Гэтыя наўмысныя атакі на грамадзянскае насельніцтва ганебныя, заганныя і з'яўляюцца сур'ёзным парушэннем міжнароднага гуманітарнага права. Яны павінны спыніцца неадкладна, і Расея павінна вывесці ўсе свае ўзброеныя сілы з тэрыторыі Украіны – неадкладна, цалкам і безумоўна. Вінаватыя ў парушэннях міжнароднага гуманітарнага права будуць прыцягнуты да адказнасці.
Акрамя таго, што гэты канфлікт разбурае Украіну і накіраваны на дэстабілізацыю Еўропы, ён ставіць мільёны людзей пад пагрозу харчовай нестабільнасці, асабліва ў найменш развітых краінах, часта пагаршаючы існуючыя гуманітарныя цяжкасці. У сувязі з гэтым мы падтрымліваем ініцыятыву Генеральнага сакратара ААН па стварэнні Глабальнай крызіснай групы для вызначэння канкрэтных мер па ліквідацыі гэтых рызык. ЕС і яго дзяржавы-члены таксама прымаюць меры для вырашэння праблемы харчовай нестабільнасці і іншых негатыўных наступстваў, выкліканых расійскай агрэсіяй супраць Украіны.
Як бачна з рэзалюцыі, прынятай Генеральнай Асамблеяй, наша рашучасць цвёрдая. Свет павінен захоўваць адзінства перад абліччам абуральных парушэнняў Расіяй Статута ААН, міжнароднага права і правоў чалавека.