Ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны: чацвёрты пакет сектаральных і індывідуальных мер ЕС
Па выніках нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЕС 10-11 сакавіка Савет сёння прыняў рашэнне ўвесці чацвёрты пакет эканамічных і індывідуальных санкцый у сувязі з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны.
«Пакуль працягваецца вайна Прэзідэнта Пуціна супраць украінскага народа, і ў нас захаваюцца рашучасць падтрымліваць Украіну і падрываць сістэму фінансавання вайсковай машыны Крамля. Гэты чацвёрты пакет санкцый з'яўляецца яшчэ адным сур'ёзным ударам па эканамічнай і матэрыяльна-тэхнічнай базе, на якую абапіраецца Расея для ажыццяўлення ўварвання ва Украіну. Мэта санкцый у тым, каб Прэзідэнт Пуцін спыніў гэтую бесчалавечную і бессэнсоўную вайну», – сказаў Высокі прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.
У прыватнасці, Савет вырашыў:
- забараніць усе аперацыі з пэўнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі;
- забараніць прадастаўленне любых паслуг па ацэнцы крэдытаздольнасці, а таксама доступ да любых падпісных паслуг, звязаных з дзейнасцю па ацэнцы крэдытаздольнасці, любой расійскай фізічнай або юрыдычнай асобе;
- пашырыць спіс асоб, звязаных з абаронна-прамысловай базай Расіі, на якіх накладаюцца больш жорсткія экспартныя абмежаванні ў адносінах да тавараў падвойнага прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць садзейнічаць тэхналагічнаму ўмацаванню сектара абароны і бяспекі Расіі;
- забараніць новыя інвестыцыі ў расійскую энергетыку, а таксама ўвесці ўсёабдымнае абмежаванне экспарту абсталявання, тэхналогій і паслуг для энергетычнай галіны;
- увесці дадатковыя абмежаванні на гандаль жалезам і сталлю, а таксама прадметамі раскошы.
Акрамя таго, Савет вырашыў увесці санкцыі ў дачыненні да ключавых алігархаў, лабістаў і прапагандыстаў, якія прасоўваюць крамлёўскі наратыў аб сітуацыі ва Украіне, а таксама ключавых кампаній авіяцыйнай, ваеннай галіны, сферы тэхналогій двайнога прызначэння, суднабудавання і машынабудавання.
Заява ў рамках СГА
Асобна Савет даў дазвол Камісіі далучыцца ад імя ЕС да шматбаковай заявы наконт агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны пры падтрымцы Беларусі, якая, як чакаецца, будзе апублікавана па лініі Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Як і іншыя члены СГА, якія стануць суаўтарамі гэтай заявы, ЕС пацвярджае сваю гатоўнасць распачаць любыя дзеянні, якія будуць палічаны неабходнымі для абароны нашых асноўных інтарэсаў бяспекі. Гэта могуць быць меры ў падтрымку Украіны альбо меры па прыпыненні дзеяння саступак альбо іншых абавязацельстваў у адносінах да Расійскай Федэрацыі, такіх як прыпыненне рэжыму найбольшага спрыяння ў адносінах да тавараў і паслуг Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, у святле істотнай падтрымкі Беларуссю дзеянняў Расійскай Федэрацыі ЕС лічыць, што яе працэс уступлення ў СГА павінен быць прыпынены.
Несправакаваная і неабгрунтаваная ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны груба парушае міжнароднае права і прынцыпы Статута ААН і падрывае еўрапейскую і глабальную бяспеку і стабільнасць. Яна прычыняе невымоўныя пакуты ўкраінскаму насельніцтву. Расія і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасць за гэту агрэсіўную вайну, і вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы, у тым ліку за безразборлівыя атакі на грамадзянскае насельніцтва і грамадзянскія аб'екты.
Еўрапейскі саюз патрабуе, каб Расія неадкладна і безумоўна спыніла свае ваенныя дзеянні і вывела ўсе сілы і ваенную тэхніку з усёй тэрыторыі Украіны, а таксама цалкам паважала тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах.
Адпаведныя прававыя акты неўзабаве будуць апублікаваны ў Афіцыйным часопісе.
Глядзіце таксама
- EU restrictive measures in response to the crisis in Ukraine
- Statement of the heads of state or government, meeting in Versailles, on Russia's aggression against Ukraine, 10 March
- Заключения Совета от 24 февраля 2022 г.
- Ukraine: Declaration by the High Representative on behalf of the EU on the invasion of Ukraine by Russian armed forces