This isn't an official website of the European Union

Палітычныя адносіны

Пасля вызвалення палітычных вязняў у Беларусі ў 2015 годзе, быў пяцігадовы перыяд палепшаных адносін. Тагачасная палітыка ЕС была выкладзена ў Заключэннях Савета ЕС што да Беларусі ад лютага 2016 года. Гэта прывяло да адмены большасці абмежавальных мер, актывізацыі палітычнага дыялогу і павелічэння фінансавай дапамогі. У 2016 годзе таксама пачаліся перамовы па Прыярытэтах партнёрства ЕС і Беларусі, накіраваных на ўмацаванне двухбаковых адносін і вызначэнне стратэгічных рамак супрацоўніцтва. Беларусь была актыўным удзельнікам ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю ўвайшлі ў сілу 1 ліпеня 2020 года.

Гэты перыяд палепшаных адносін спыніўся з-за рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам права ў Беларусі напярэдадні, падчас і пасля сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 года. У сувязі з масавымі рэпрэсіямі супраць мірных пратэстоўцаў, грамадзянскай супольнасці і СМІ Савет ЕС па замежных справах прыняў Заключэнні што да Беларусі 12 кастрычніка 2020 года і 19 лютага 2024 года, якія вызначаюць цяперашнюю палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі.

З 2020 года ЕС зменшыў узаемадзенне з уладамі Беларусі і перанакіраваў сваю дапамогу на народ і грамадзянскую супольнасць Беларусі, аказваючы значную падтрымку народу Беларусі ў шасці ключавых сферах: грамадзянская супольнасць, правы чалавека, незалежныя СМІ, адукацыя, культура, малыя і сярэднія прадпрыемствы (МСП) у выгнанні.

З 2021 года рэжым Лукашэнкі ў саўдзеле з Расіяй праводзіць гібрыдныя атакі на знешнія межы ЕС, у тым ліку праз арганізацыю міграцыйных крызісаў у палітычных мэтах. Еўрапейскі савет асудзіў гэтыя напады ў сваіх Заключэннях ад 14 і 15 снежня 2023 года.

У чэрвені 2021 года Беларусь прыпыніла ўдзел ва Усходнім партнёрстве і пагадненні аб рэадмісіі з ЕС. Беларуская грамадзянская супольнасць працягвае актыўна ўдзельнічаць ва Усходнім партнёрстве.

З 24 лютага 2022 года рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам у ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны, дазволіўшы Расіі выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну, а таксама прадаставіўшы Маскве поўную палітычную і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку ў гэтай вайне. ЕС рашуча асудзіў несправакаванае ўварванне ва Украіну ўзброеных сіл Расійскай Федэрацыі і задзейнічанне Беларусі ў гэтай агрэсіі. ЕС таксама асудзіў саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

26 мая 2023 года Расія і Беларусь зрабілі чарговы эскалацыйны крок, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на тэрыторыі Беларусі. ЕС асудзіў гэтае пагадненне.

Правы чалавека

Еўрапейскі саюз імкнецца заахвочваць забеспячэнне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права ў Беларусі. Пасля сфальсіфікаваных выбараў у 2020-м годзе рэжым Лукашэнкі развязаў масавыя рэпрэсіі супраць народа Беларусі. З таго часу сітуацыя з правамі чалавека далей пагоршылася, а палітычныя рэпрэсіі дасягнулі беспрэцэдэнтнага ўзроўню.

 У Беларусі па-ранейшаму несправядліва ўтрымліваюцца ў няволі больш за 1300 палітычных вязняў, якіх трымаюць у цяжкіх умовах, часта без належнай медыцынскай дапамогі або сувязі з роднымі і адвакатамі. ЕС працягвае заклікаць Беларусь спыніць жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і простых грамадзян, неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных і адмяніць смяротнае пакаранне.

ЕС па-ранейшаму імкнецца падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы, у тым ліку праз супрацу Кансультатыўнай групы ЕС з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю, створанай у чэрвені 2023 года.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе смяротнае пакаранне ўсё яшчэ прадугледжанае заканадаўствам і з улікам новапрынятых рэжымам занадаўчых палажэнняў пра тэрарызм можа быць выкарыстанае ў дачыненні да палітычных апанентаў. Еўрапейскі саюз займае адназначную пазіцыю што да смяротнага пакарання – яно парушае права на жыццё і з'яўляецца жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць пакараннем.

Санкцыі

У адказ на рэпрэсіі, парушэнне выбарчага працэсу, заахвочванне і арганізацыю незаконных перасячэнняў мяжы, парушэнні правоў чалавека, перанакіраванне пасажырскага рэйса і задзейнічанне рэжыму ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны ЕС прыняў шэраг абмежавальных мер.

Усяго ЕС прыняў індывідуальныя абмежавальныя меры ў дачыненні да 261 асобы, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, і 37 юрыдычных асоб.

У іх дачыненні прымяняецца замарожванне актываў і забарона на прадастаўленне сродкаў. Фізічныя асобы таксама падпадаюць пад забарону на ўезд, што не дазваляе асобам, унесеным у спіс, уязджаць на тэрыторыю ЕС або праяжджаць праз яго тэрыторыю.

ЕС таксама ўвёў мэтавыя эканамічныя санкцыі, якія ўключаюць забарону на продаж пэўнага абсталявання, тэхналогій або праграмнага забеспячэння; абмежаванні на гандаль нафтапрадуктамі, хлорыстым каліем (каліем), жалезам і сталлю, драўнінай, цэментам, а таксама таварамі для вытворчасці тытунёвых вырабаў; шырокія фінансавыя абмежаванні і забарону на прадастаўленне страхавання ўрадавым і дзяржаўным установам Беларусі. ЕС таксама ўзмацніў у дачыненні да Беларусі эмбарга на пастаўкі зброі, адмяніўшы выключэнні, якія існавалі раней, і ўвёў забарону на экспарт тавараў падвойнага прызначэння для пэўных мэтаў.

Падтрымка народа Беларусі з боку ЕС

Па пераглядзе адносін паміж ЕС і Беларуссю і ў святле задзейнічання рэжыму Лукашэнкі ў ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны дапамога ЕС з 2020 года перанакіраваная да  недзяржаўнага сектара для прадастаўлення значнай падтрымкі народу Беларусі ў наступных шасці ключавых сферах: грамадзянская супольнасць, правы чалавека, незалежныя СМІ, адукацыя, культура, малыя і сярэднія прадпрыемствы ў эміграцыі.

З 2020 па 2024 гг. фінансавая дапамога ЕС народу Беларусі склала амаль 140 мільёнаў еўра праз Інструмент добрасуседства, развіцця і міжнароднага супрацоўніцтва (NDICI).

Спачатку дапамога ЕС была засяроджана на рэагаванні на надзвычайныя патрэбы рэпрэсаваных грамадзян і грамадзянскай супольнасці падчас рэпрэсій пасля выбараў, у 2020-2021 гг., а цяпер яна накіравана на прадастаўленне сярэднетэрміновай падтрымкі грамадзянскім і медыйным арганізацыям, якім пастаянна пагражаюць рэпрэсіі.

У той жа час ЕС пашырыў сваю падтрымку больш шырокіх слаёў грамадства, каб ліквідаваць прабелы ў дапамозе, у прыватнасці, праз фінансаванне, скіраванае на культурны сектар і прадпрыемствы ў эміграцыі.

У кантэксце росту ўплыву Расіі на Беларусь і прымусовай русіфікацыі грамадства ЕС таксама падтрымлівае альтэрнатыўныя адукацыйныя і культурныя праекты, якія спрыяюць захаванню беларускай ідэнтычнасці. ЕС таксама працягвае падтрымліваць ахвяр рэпрэсій.

Нягледзячы на ​​​​тое, што беларускія ўлады прыпынілі ўдзел краіны ў рамках Усходняга партнёрства ў чэрвені 2021 года, беларусы па-ранейшаму маюць доступ і ўдзельнічаюць у  некаторых рэгіянальных праграмах ЕС, якія спрыяюць супрацоўніцтву паміж асобамі і арганізацыямі з усіх шасці краін Усходняга партнёрства. Гэта тычыцца ў тым ліку такіх праграм, як EU4Culture, EU4 Independent Media, EU4 Gender Equality і Partnership for Good Governance.

Як толькі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЕС забяспечыць неадкладную і доўгатэрміновую падтрымку, каб дапамагчы ёй стабілізаваць сваю эканоміку, рэфармаваць яе інстытуты і прынесці карысць грамадзянам і грамадству ў цэлым.

Каб падтрымаць паспяховыя эканамічныя рэформы, павысіць устойлівасць эканомікі, патэнцыял росту і стварэнне працоўных месцаў, ЕС гатовы мабілізаваць значны інвестыцыйны пакет для Беларусі ў аб’ёме да 3 мільярдаў еўра.

Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі будзе рэалізоўвацца праз прымяненне поўнага спектру дакладна адкалібраваных палітычных і фінансавых інструментаў, якія ўзмоцняць праграмы падтрымкі міжнародных фінансавых інстытутаў, у прыватнасці, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. ЕС чакае, што МВФ і Сусветны банк таксама ўзмоцняць падтрымку краіны, калі ў Беларусі адбудзецца пераход да дэмакратыі.

Мабільнасць і кантакты паміж Еўрапейскім саюзам і грамадзянамі Беларусі

ЕС усталяваў цеснае ўзаемадзеянне з беларусамі і грамадзянскай супольнасцю і ў апошнія гады актывізаваў падтрымку народа Беларусі ў сферы адукацыі, мабільнасці, моладзі і садзейнічання кантактам паміж людзьмі.

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю ўвайшлі ў сілу 1 ліпеня 2020 года.

Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму спрашчае для грамадзян Беларусі атрыманне віз для ўезду ў Еўрапейскі саюз у частцы кошту і тэрміну чакання візы. Візавы збор зніжаны да 35 еўра, а сэрвісны збор — да 30 еўра. Акрамя таго, для некаторых катэгорый падарожнікаў, напрыклад, бізнесменаў, журналістаў, прадстаўнікаў грамадскіх арганізацый і шэрагу іншых, увогуле адменены візавы збор.

Пагадненне аб рэадмісіі ўстанавіла, на аснове ўзаемнасці, працэдуры бяспечнага і ўпарадкаванага вяртання асоб, якія нелегальна пражываюць у ЕС або Беларусі, пры поўным захаванні іх правоў у адпаведнасці з міжнародным правам. 28 чэрвеня 2021 года ўлады Беларусі абвясцілі свой намер у аднабаковым парадку прыпыніць дзеянне гэтага пагаднення. 2 снежня 2021 года Беларусь афіцыйна паведаміла аб прыпыненні дзеяння пагаднення з 4 снежня 2021 года.

9 лістапада 2021 г. у святле спробаў рэжыму Лукашэнкі дэстабілізаваць ЕС і яго дзяржавы-члены шляхам спрыяння нерэгулярнай міграцыі ў палітычных мэтах, а таксама з улікам яго рашэння прыпыніць дзеянне Пагаднення аб рэадмісіі паміж ЕС і Беларуссю, Савет Еўрапейскага саюза вырашыў часткова прыпыніць дзеянне Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю. Прыпыненне распаўсюджваецца на службовых асоб рэжыму Лукашэнкі і ахоплівае палажэнні, якія адмяняюць патрабаванні да пацвярджаючых дакументаў, рэгулююць выдачу шматразовых віз і зніжаюць плату за падачу заявак на візу. Гэтае рашэнне не закранае звычайных грамадзян Беларусі, якія працягваюць карыстацца тымі ж перавагамі ў рамках Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Маладыя беларусы таксама працягваюць карыстацца магчымасцямі адукацыйных, прафесійных і моладзевых абменаў у рамках праграм Erasmus+ і EU4Youth і Еўрапейскай школы Усходняга партнёрства (у Грузіі).

Гандлёвыя адносіны

Да цяперашняй нізкай кропцы ў двухбаковых адносінах паміж ЕС і Беларуссю Еўрапейскі саюз быў другім гандлёвым партнёрам Беларусі – на яго долю прыпадала амаль пятая частка агульнага тавараабароту краіны. У 2020 годзе двухбаковы гандаль таварамі паміж ЕС і Беларуссю дасягнуў 12,9 млрд еўра. У беларускім экспарце ў ЕС пераважалі мінеральнае паліва, драўніна і некаштоўныя металы, у той час як ЕС экспартаваў у Беларусь у асноўным машыны і абсталяванне, транспартнае абсталяванне і прадукцыю хімічнай прамысловасці. Аднак з часу неапраўданага і несправакаванага ўварвання Расіі ва Украіну пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ЕС увёў дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія ўключаюць абмежаванні на імпарт у ЕС, сярод іншага, калію, мінеральнага паліва і алеяў, драўніны, жалеза і сталі, цэменту і гумовых шын; і абмежаванне экспарту ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэння (з некаторымі абмежаванымі выключэннямі), машын і механізмаў, прамысловых тавараў, прадукцыі, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці тытунёвых вырабаў, а таксама некаторых прадметаў раскошы. Падрабязнасці што да санкцый можна знайсці тут.

Да палітычнага і гуманітарнага крызісу, які паследаваў за сфальсіфікаванымі выбарамі 2020 года, ЕС і Беларусь вялі раней наладжаны афіцыйны дыялог па гандлі. Удзельнікі сустракаліся два разы на год для абмену меркаваннямі ды інфармацыяй, у тым ліку што да унутраных мер рэгулявання ды іншых пытанняў гандлю. ЕС таксама раней падтрымліваў Беларусі ў працэсе яе ўступлення ў СГА, у тым ліку што да правядзення неабходных унутраных рэформ для стварэння больш прадказальнага і стабільнага бізнес-асяроддзя ў краіне. У гэтым кантэксце Еўрапейскі саюз прадастаўляў тэхнічную дапамогу праз інструменты TAIEX і Twinning. Аднак у сувязі з неапраўданай і несправакаванай ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года і саўдзелам у ёй рэжыму Лукашэнкі многія члены СГА, у тым ліку ЕС, прынялі рашэнне спыніць любы далейшы разгляд заяўкі Беларусі.

Да палітычнага і гуманітарнага крызісу 2020 года мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) на крэдытаванне, а таксама фінансавая дзейнасць Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) распаўсюджваліся на Беларусь. У перыяд з 2016 па 2020 год ЕІБ выдзеліў 530 мільёнаў еўра на падтрымку прыватнага сектара, ключавых інфраструктурных і кліматычных праектаў. Аднак у дадатак да перагляду Еўрапейскім саюзам сваіх адносін з Беларуссю, ЕІБ таксама правёў перагляд сваёй дзейнасці ў Беларусі. Краіны-члены ЕС таксама скаардынавалі свае пазіцыі ў рамках дзейнасці Савета дырэктараў ЕБРР. ЕС па-ранейшаму гатовы падтрымаць значнае пашырэнне дзейнасці ЕІБ і ЕБРР.